14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Буйны беларуска-туркменскі бізнес-форум пачынае работу ў Ашхабадзе, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Туркменістане.
Форум арганізаваны беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам у Ашхабадзе, гандлёва-прамысловымі палатамі дзвюх краін і збярэ каля 150 прадстаўнікоў бізнес-колаў. У тым ліку ў мерапрыемстве прымаюць удзел каля 25 беларускіх суб'ектаў гаспадарання, мінскае і магілёўскае аддзяленні БелГПП. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае генеральны дырэктар Магілёўскага аддзялення БелГПП Генадзь Чорны.
Ад Туркменістана ў форуме прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, а таксама бізнес-супольнасці.
Прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў правядуць двухбаковыя сустрэчы з туркменскімі партнёрамі, абмяняюцца вопытам вядзення бізнесу, абмяркуюць магчымасць заключэння ўзаемавыгадных кантрактаў. Прадугледжана і культурная праграма.
У пасольстве адзначылі, што з дня ўстанаўлення дыпламатычных беларуска-туркменскіх адносін гэта другое такое мерапрыемства. Папярэдняе прайшло ў верасні 2014 года і сабрала таксама каля 150 прадстаўнікоў бізнес-колаў.
У 2014 годзе тавараабарот Беларусі і Туркменістана склаў каля $200 млн. "Правядзенне бізнес-форуму накіравана на актывізацыю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне гандлю", - адзначылі ў пасольстве.