21 студзеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Нягледзячы на няпростую сітуацыю з-за пандэміі, СТАА "Белвест" у 2020 годзе спрацавала з дадатным знешнім эканамічным сальда. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Юрый Суманееў.
За мінулы год "Белвесту" ўдалося захаваць вытворчасць. "Мы не спынялі вытворчы працэс. Вядома, давялося ўнесці карэктывы ў рабочы графік, але цэхі прадаўжалі працаваць увесь год. Лакдаўны ў краінах, куды экспартуецца прадукцыя, паўплывалі і на нас. Мы страцілі каля Br80 млн выручкі. Але тым не менш выйшлі на дадатнае знешняе эканамічнае сальда: змаглі зарабіць $9,5 млн", - адзначыў Юрый Суманееў. Часткова ўдалося дабіцца такіх вынікаў дзякуючы продажу запасаў абутку са складоў, у тым ліку ў гандлёвай сетцы за мяжой. Яе рэалізавалі амаль на Br17,5 млн.
Стратэгія прадпрыемства на гэту пяцігодку - актыўнымі тэмпамі нарошчваць вытворчасць, каб выйсці на высокія паказчыкі і кампенсаваць страты ў перыяд пандэміі. Адным з перспектыўных напрамкаў кіраўнік "Белвеста" бачыць удасканаленне тэхнічнага абсталявання. У 2020 годзе на мадэрнізацыю абсталявання накіравалі Br5,5 млн уласных інвестыцый. На існуючай на "Белвесце" рабатызаванай лініі цяпер адладжваюць праграмы для больш хуткага выканання аперацый дэфектоўкі і раскрою скуры.
"Наша прадпрыемства працуе толькі з натуральнымі матэрыяламі: скура, мех, шэрсць. Для работы падыходзіць матэрыял выключна без пашкоджанняў. Натуральныя дэфекты на пафарбаваных палотнах, у тым ліку розніцу ў тонах, вызначаюць аператары на вока. Яны пазначаюць іх, каб на наступным этапе раскройшчык бачыў, якія ўчасткі можна выкарыстоўваць у рабоце. Гэтыя руцінныя аперацыі па выяўленні дэфектаў пасля канчатковай адладкі будуць праводзіцца на рабатызаванай лініі. Акрамя таго, што гэта выключае чалавечы фактар, аўтаматызацыя такіх аперацый дае магчымасць знізіць затраты на вытворчасць. Адпаведна, гэта ўплывае і на кошт гатовай прадукцыі", - падкрэсліў Юрый Суманееў.
Таксама гендырэктар дадаў: развіццё і ўкараненне сучасных тэхналогій дасць магчымасць "Белвесту" выйсці на сусветны рынак. І для гэтага трэба не толькі ўкараняць робатаў у вытворчасць, але і мяняць сістэму кіравання рэсурсамі прадпрыемства. Перыяд змены года на "Белвесце" выкарыстоўвалі для абнаўлення праграмнага забеспячэння: укаранілі ERP-сістэму SAP S/4HANA, якая дазваляе працаваць з воблачнымі тэхналогіямі. Гэта праграма дае магчымасць наладзіць інтэграцыю па ўсім свеце, продажы ў Еўропу, Амерыку, курыраваць прадстаўніцтвы "Белвеста" ў краінах далёкага замежжа.