16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь робіць усё, каб на фоне вагання сусветных цэн на нафту выгадна яе купіць. Аб гэтым сёння журналістам заявіў прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўсё робім для таго, каб можна было выкарыстаць момант, атрымаць выгадную сыравіну. Рынак мы кантралюем, вывучаем і працуем з усімі магчымымі пастаўшчыкамі", - сказаў Аляксандр Цішчанка.
"Рынак цяпер дынамічна мяняецца. Павялічваецца колькасць прапаноў, цэны падаюць. Працаваць трэба з усімі, назіраем, таму што на сённяшні дзень вялікіх здзелак па новых цэнах яшчэ не зафіксавана", - дадаў ён.
Сітуацыя з каранавірусам, паводле слоў прэс-сакратара канцэрна, уплывае на аб'ёмы спажывання нафты. "Многія працэсы ва ўсім свеце прыпынены, аб'ёмы спажывання нафты, нафтапрадуктаў зніжаюцца. Гэта ўплывае на цэнавую палітыку", - звярнуў увагу Аляксандр Цішчанка.
Між тым у Беларусь прадаўжаюцца пастаўкі альтэрнатыўнай нафты. "Заўтра чакаем яшчэ адзін танкер у Клайпедзе", - праінфармаваў Аляксандр Цішчанка. Ён удакладніў, што размова ідзе пра 80 тыс. т, закупленых у трэйдараў.
Што датычыцца азербайджанскай нафты, то дастаўленая першым танкерам у порт Адэсы, паступіць на Мазырскі НПЗ сёння - заўтра. "Учора ў порце Паўднёвы прышвартаваўся другі танкер. Яго пачалі рыхтаваць да зліву", - дадаў прэс-сакратар "Белнафтахіма". Трэці танкер з азербайджанскай нафтай прыйдзе ў пачатку трэцяй дэкады.
Як паведамлялася, дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана Socar паставіць у сакавіку ў Беларусь каля 250 тыс.т нафты. Першы з трох танкераў прыбыў у Адэсу 12 сакавіка. Старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў паведаміў, што Socar у 2020 годзе можа паставіць у Беларусь да 1 млн т нафты.
Акрамя таго, у сакавіку чакаюць у порце Клайпеды чатыры танкеры з нафтай для Беларусі. Першы з іх прыбыў у літоўскі порт 4 сакавіка.
Пастаўкі ад вялікіх нафтавых кампаній з Расіі спынены 1 студзеня з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці па цане. Як растлумачыў першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой, Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб'ёмах. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас 11 сакавіка паведаміў, што Беларусь прадставіла Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты.
Сумарны аб'ём паставак нафты з розных крыніц на беларускія НПЗ у сакавіку складзе каля 1 млн т. У студзені і лютым НПЗ працавалі на загрузцы 50 працэнтаў і перапрацавалі каля 1,8 млн т нафты.