7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Белнафтахім" пацвердзіў, што пачаліся перагаворы і падрыхтоўка да перанакіравання экспартных патокаў беларускіх нафтапрадуктаў з Літвы ў расійскія парты. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наконт заявы міністра энергетыкі Расіі Аляксандра Новака аб перакідцы нафтапатокаў, магу пацвердзіць, што такая работа запланавана. У бліжэйшы час чакаюцца сустрэчы па гэтым пытанні. Дэталі будуць вядомы пазней па іх выніках", - сказаў Аляксандр Цішчанка.
Як раней паведамляў ТАСС са спасылкай на Аляксандра Новака, Беларусь і Расія прапрацоўваюць пытанне перанакіравання паставак нафтапрадуктаў з партоў Літвы ў РФ. Паводле яго слоў, Расія на працягу верасня падрыхтуе прапановы па пастаўках беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты. "Цяпер прапрацоўваецца пытанне, каб стварыць эканамічныя ўмовы, якія былі б выгадны ўсім: партам, непасрэдным перавозчыкам, чыгункам і самім вытворцам нафтапрадуктаў", - адзначыў ён.