25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі канцэрна "Белнафтахім" на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 28-29 верасня, плануюць падпісаць кантракты на пастаўку ў РФ прадукцыі на больш як $100 млн, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе "Белнафтахіма".
"Плануецца падпісанне кантрактаў на пастаўку ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі на агульную суму больш за $100 млн. Пералік прадукцыі ўключае сінтэтычныя валокны і ніці, шклотканіну, поліэтылен, шыны, фталевы ангідрыд, алкідныя смолы, процігалалёдныя рэагенты", - растлумачылі ў прэс-службе.
"Арганізацыі канцэрна - традыцыйныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія даюць магчымасць умацаваць гандлёвыя сувязі паміж рэгіёнамі дзвюх краін", - адзначылі ў "Белнафтахіме".
VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе ўключаць пяць секцый: парламенцкае супрацоўніцтва, сумесныя эканамічныя праекты, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, процідзеянне гераізацыі нацызму, павышэнне актыўнасці сельскай моладзі. Пройдуць таксама сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў Беларусі і Расіі і экспертная сесія высокага ўзроўню на тэму "Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі". Цэнтральнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне 29 верасня.