16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фармат работы па пастаўках у Беларусь амерыканскай нафты прапрацоўваецца. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне аб перспектывах паставак у Беларусь нафты з ЗША, Аляксандр Цішчанка адзначыў, што такая магчымасць не выключаецца і работа ў такім напрамку вядзецца. "Фармат прапрацоўваецца", - сказаў ён. Паводле слоў прэс-сакратара канцэрна, размова ідзе аб фарміраванні перагаворных пазіцый. Што датычыцца аднаўлення трубаправодных паставак нафты з балтыйскіх партоў у Беларусь, то работа ў гэтым напрамку таксама прадаўжаецца. "Ствараецца рабочая група, якая змагла б гэта пытанне прапрацаваць цалкам", - праінфармаваў прэс-сакратар.
Як паведамлялася, у пачатку лютага дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў аб гатоўнасці ЗША забяспечыць Беларусь энергарэсурсамі на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах.
У пачатку сакавіка ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (БІСД) адбыўся міжнародны экспертны семінар. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі латвійскіх і літоўскіх чыгунак, нафтаперавалачных, лагістычных кампаній, партоў, дыпламаты. Беларускі бок прадставілі кіраўніцтва і эксперты канцэрна "Белнафтахім", Беларускай чыгункі, Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу.
Дасягнута дамоўленасць адпрацаваць на ўзроўні спецыялістаў пытанні вызначэння найбольш аптымальнага як з пункту гледжання кошту, так і часавых затрат шляху аднаўлення працаздольнасці трубаправоднай сістэмы, якая дазваляе дастаўляць нафту з балтыйскіх партоў у Беларусь. У бліжэйшы час будзе створана рабочая група па двух напрамках, тэхнічным і юрыдычным, каб на базе атрыманай тэхінфармацыі падрыхтаваць пагадненне і выйсці на міжурадавы ўзровень.