2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрн "Беллегпрам" бачыць значны патэнцыял у сферы паставак прадукцыі падведамных прадпрыемстваў у Фінляндыю. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе канцэрна па выніках афіцыйнага візіту дэлегацыі ў Фінляндыю.
Візіт адбыўся з мэтай развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва прадпрыемстваў "Беллегпрама" з Фінляндыяй і краінамі Скандынавіі. Ад канцэрна ў мерапрыемствах удзельнічалі прадстаўнікі СТАА "Белвест", РУВГП "Аршанскі льнокамбінат", ААТ "Элема", ЗАТ СП "Мілавіца", ААТ "Світанак", ААТ "Алеся".
У час візіту на базе пляцоўкі арганізацыі Finnpartnership адбылася прэзентацыя патэнцыяльных экспартных, інвестыцыйных і інавацыйных магчымасцей прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам".
Таксама праведзены B2B перагаворы прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў са спецыялістамі і кіраўнікамі больш як 20 фінскіх кампаній. Удзельнікі сустрэч абмяняліся меркаваннямі аб развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, аб магчымых шляхах павелічэння тавараабароту паміж краінамі і пашырэння ўзаемадзеяння прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Фінляндыі. Прадстаўлены ўзоры абутку, швейных і трыкатажных вырабаў як штодзённага, так і спецыяльнага прызначэння, каталогі тканін.
Пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Фінляндыі праведзены сустрэчы з прэзідэнтам кампаніі SOK Retail International (групы кампаній, якія валодаюць найбуйнейшай у Фінляндыі сеткай рознічных магазінаў, у тым ліку пад брэндам Prisma), дырэктарам па закупках кампаніі K-citymarket Ltd (сетка KESKO), выканаўчым дырэктарам асацыяцыі "Фінскі тэкстыль і мода".
"Перагаворы паказалі, што ёсць значны патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва з фінскім бокам у сферы паставак прадукцыі падведамных прадпрыемстваў у Фінляндыю", - адзначылі ў канцэрне.