9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля прыпынення санкцый ЕС у гандлі Беларусі з шэрагам еўрапейскіх краін намеціліся пазітыўныя зрухі. Такое меркаванне сёння журналістам выказаў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, ажывіліся гандлёвыя адносіны Беларусі і такіх краін, як Іспанія, Францыя. "Крызісныя з'явы прымусілі нашых партнёраў перагледзець адносіны ў цэлым. Не працуюць ужо сёння надуманыя палітычныя лякалы, што абмяжоўвалі наша супрацоўніцтва. Усе думаюць аб прагматычным парадку дня, у аснове якога гандлёва-эканамічныя сувязі", - лічыць Уладзімір Улаховіч.
Намеснік старшыні БелГПП адзначыў, што развіццё беларускага экспарту будзе ключавой задачай 2016 года. Трэба будзе пашыраць прысутнасць на традыцыйных рынках і асвойваць новыя - у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі. Для выканання гэтых планаў пашыраецца ўзаемадзеянне з акрэдытаванымі ў Беларусі дыпламатамі.
Так, сёння ў МЗС прайшла сустрэча кіраўніцтва дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці, вядучых беларускіх арганізацый, якія ажыццяўляюць падтрымку нацыянальнага экспарту за мяжой, з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, гандлёвымі прадстаўнікамі і ганаровымі консуламі, акрэдытаванымі ў Беларусі. Удзельнікам сустрэчы прадстаўлена інфармацыя аб экспартным і інвестыцыйным патэнцыялах краіны, дзейнасці Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. Прадугледжана таксама наведванне Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн для азнаямлення ўдзельнікаў мерапрыемства з дзейнасцю цэнтра і яго рэгіянальных філіялаў па экспартным напрамку.