22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі ДВА "Белэнерга" і ААТ "Рассеткі" сёння ў Мінску падпісалі пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве ў сферы электраэнергетыкі, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыйных тэхналогій ДВА "Белэнерга".
Бакі маюць намер супрацоўнічаць у частцы развіцця электрасеткавых комплексаў энергасістэм Расіі і Беларусі на доўгатэрміновай узаемавыгаднай аснове. "Пагадненне будзе садзейнічаць развіццю ўзаемадзеяння ў галіне праектавання, будаўніцтва і рэканструкцыі электрычных сетак", - адзначылі спецыялісты.
Падпісаны сёння дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае ўзаемадзеянне пры прадухіленні і ліквідацыі аварыйных і надзвычайных сітуацый на аб'ектах электрасеткавых комплексаў, што знаходзяцца на мяжы дзвюх краін. Яшчэ адным напрамкам стане абмен вопытам Расіі і Беларусі па тэхналагічным далучэнні да электрычных сетак.
Акрамя таго, бакі дамовіліся аб узаемадзеянні ў пытаннях павышэння ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі электратэхнічнага персаналу пры дапамозе навучання спецыялістаў на базе вучэбных цэнтраў, правядзення сумесных канферэнцый, семінараў, спаборніцтваў прафмайстэрства.
ААТ "Рассеткі" - аператар энергетычных сетак у Расіі, адна з буйнейшых электрасеткавых кампаній у свеце. Кампанія кіруе 2,2 млн км ліній электраперадачы,
473 тыс. падстанцыямі трансфарматарнай магутнасцю больш як 748 ГВт. ААТ "Рассеткі" ўключае ў сябе 43 даччыныя і залежныя таварыствы, у тым ліку 14 міжрэгіянальных і магістральную сеткавую кампанію.ДВА "Белэнерга", створанае ў 2006 годзе ў выніку рэарганізацыі дзяржаўнага канцэрна, выконвае функцыі кіравання гаспадарчай дзейнасцю беларускай энергасістэмы. У яго склад у тым ліку ўваходзяць 6 рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў электраэнергетыкі.