11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ДВА "Белэнерга" і Кітайская нацыянальная карпарацыя па электраабсталяванні China National Electric Engineering Co. (CNEEC) падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аб'яднанні.
У анлайн-перагаворах прынялі ўдзел кіраўнікі дзвюх арганізацый. У час сустрэчы ўдзельнікі перагавораў абмеркавалі перспектыўныя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а менавіта: укараненне найноўшых тэхналогій накаплення энергіі, выкарыстанне акумулятарных электрастанцый (накапляльнікаў электрычнай энергіі) для стабілізацыі і пакрыцця пікавых патрэб у Беларусі, вытворчасць, устаноўку, эксплуатацыю і абслугоўванне аўтамабільных зарадных станцый у Беларусі. Таксама бакі абмеркавалі пашырэнне электратэхнічнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на кітайскім рынку, арганізацыю спецыялізаваных выставачных мерапрыемстваў і сумесны ўдзел CNEEC з праектнымі і будаўніча-мантажнымі арганізацыямі "Белэнерга" ў беларускіх і замежных тэндарах. "Усе гэтыя напрамкі супрацоўніцтва былі зафіксаваны ў падпісаным па выніках сустрэчы мемарандуме аб узаемаразуменні", - падкрэслілі ў "Белэнерга".
Карпарацыя CNEEC вядома ў Беларусі па рэалізацыі ў якасці генеральнага падрадчыка праекта па будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна ў Віцебскай вобласці. Віцебская ГЭС была ўведзена ў эксплуатацыю 31 ліпеня 2017 года, яе магутнасць - 40 МВт.