5 лютага, Мінск /Юлія Неманкова - БЕЛТА/. БелАЗ рыхтуецца вывесці на рынак абноўлены мадэльны рад тэхнікі для абслугоўвання аэрапортаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг".
"Найперш гэта датычыцца аэрадромных цягачоў. Машыны серыі БелАЗ-7427 для буксіроўкі самалётаў масай да 600 т прайшлі завадскія і эксплуатацыйныя выпрабаванні. Яны поўнасцю адпавядаюць тэхнічным патрабаванням ІАТА (Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту). І ў параўнанні з папярэднім пакаленнем сучасныя аэрадромнікі атрымалі абсалютна новую кампаноўку і шэраг прывабных для патэнцыяльнага заказчыка тэхнічных рашэнняў", - адзначылі ў прэс-службе.
З 6 па 7 лютага БелАЗ прадставіць абноўленую тэхніку спецыяльнага прызначэння на 7-й Нацыянальнай выстаўцы і форуме інфраструктуры грамадзянскай авіяцыі NAIS 2020 у Маскве.
Машыны серыі БелАЗ-7427 выпускаюцца на заводзе з 2016 года. Асноўным рынкам збыту з'яўляецца Расія.
На прадпрыемстве таксама расказалі, што цяпер ідзе зборка аэрадромнага цягача для буксіроўкі паветраных суднаў з узлётнай масай да 150 т (БелАЗ-54010). Паектуецца машына для буксіроўкі паветраных суднаў з узлётнай масай да 260 т (БелАЗ-64020), якая ў перспектыве поўнасцю заменіць серыйна выпускаемую мадэль БелАЗ-74212.
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Экспартуе прадукцыю больш як у 80 краін. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.