15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" у студзені - лютым 2021 года нарасціла аб'ёмы вытворчасці, рэалізацыі і экспарту прадукцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Па некаторых прадпрыемствах, якія ўваходзяць у склад холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг", у студзені - лютым 2021 года зафіксаваны рост аб'ёмаў вытворчасці. "Так, тэмп росту вытворчасці ў дзеючых цэнах да аналагічнага перыяду 2020-га складае па ААТ "Завод ПАК" - 103,7 працэнта, філіяле ААТ "БЕЛАЗ" - СВК "Першамайскі" - 139,9 працэнта, ААТ "Кранавы завод" - 147,3 працэнта. Найбольшы ж рост вытворчасці дэманструе галаўное прадпрыемства ў Жодзіне - 149,1 працэнта", - расказалі ў прэс-службе.
ААТ "БЕЛАЗ" (Беларускі аўтамабільны завод разам з філіяламі) паказвае таксама значнае павелічэнне аб'ёмаў рэалізацыі - 163 працэнты і экспарту - 187,3 працэнта. "За межы Беларусі экспартавана 97,2 працэнта прадукцыі. Ільвіная доля тэхнікі (марак БЕЛАЗ і МаАЗ) і запасных частак пастаўлена ў Расію - 82 працэнты ў агульным аб'ёме адгрузкі, тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года - 375,1 працэнта. Таксама ў студзені-лютым кар'ерныя самазвалы былі адгружаны ва Узбекістан, Украіну, Казахстан, Боснію і Герцагавіну", - адзначылі на прадпрыемстве.
Першае месца па папулярнасці ў спажыўцоў займаюць БЕЛАЗы грузападымальнасцю 220-240 т - 32 працэнты. У тройку лідараў адгрузкі ўвайшлі 110-130-тонныя (20 працэнтаў) і 55-60-тонныя (18 працэнтаў) кар'ернікі. Сярэдняя грузападымальнасць рэалізаванага з пачатку года самазвала - 122 т. На сакавік запланавана далейшае павелічэнне аб'ёму паставак з пашырэннем спіса краін далёкага замежжа за кошт Індыі, Польшчы і Чылі.
"У цэлым холдынг "БЕЛАЗ-Холдынг" завяршыў першыя два месяцы бягучага года з тэмпамі росту па асноўных паказчыках: вытворчасць прадукцыі (у дзеючых цэнах) - 112,8 працэнта, рэалізацыя - 146,7 працэнта, экспарт - 186,7 працэнта", - падкрэслілі ў прэс-службе.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - найбуйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.