22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" у 2018 годзе павялічыла экспарт прадукцыі на 30,3 працэнта да ўзроўню 2017-га да $990,8 млн, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт прадпрыемства.
Па выніках работы за 2018 год тэмп росту аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах склаў 145,6 працэнта ў адносінах да 2017 года. За мінулы год выраблена 802 кар'ерныя самазвалы асабліва вялікай грузападымальнасці (90 т і вышэй), што з'яўляецца рэкордным значэннем за ўсю гісторыю прадпрыемства.
У 2018 годзе геаграфічная структура экспарту прадукцыі нязначна змянілася. Асноўная доля прадукцыі пастаўляецца ў Расію (58,4 працэнта) і іншыя краіны СНД (27,5 працэнта). Па гэтых рэгіёнах забяспечаны рост паставак - у Расію на 26,4 працэнта, іншыя краіны СНД - на 63,9 працэнта. Сярод краін далёкага замежжа лідарамі па закупцы тэхнікі "БелАЗ" з'яўляюцца Інданезія, Балгарыя, Сербія, Эстонія.
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" (Жодзіна) - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, што прымяняецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах.