18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛАЗ паставіць у Чылі 18 кар'ерных самазвалаў. Гэта найбуйнейшая пастаўка тэхнікі ў названы рэгіён за апошні час, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага прадпрыемства.
Упершыню ў Чылі будуць пастаўлены кар'ерныя самазвалы БЕЛАЗ-7531С грузападымальнасцю 240 т, БЕЛАЗ-7513 - 136 т, а таксама БЕЛАЗ-75320 - 290 т.
Тэхнічныя характарыстыкі машын спецыяльна адаптаваны для работы ва ўмовах высакагор'я. Для выключэння "паветранага галадання" на БЕЛАЗ-7531С устаноўлены рухавік Cummins QSK 60-C з двухступеньчатым турбанаддувам. У складзе трансмісіі General Electric (GE) прыменены электрадынамічныя тармазы павышанай магутнасці - 3000 кВт. Палепшана бяспека самазвалаў: рама спраектавана пад устаноўку ахоўнага буфера, устаноўлены падоўжаны казырок і дыяганальныя лесвіцы. У кабіне вадзіцеля - новая кліматычная ўстаноўка з кандыцыянерам, абагравальнікам, інфармацыйны ВК-дысплэй.
На БЕЛАЗ-75320 кстаноўлены рухавік Cummins QSK 60-C магутнасцю 2850 к.с. і трансмісія пераменнага току ад кампаніі GE. У арсенале БЕЛАЗ-7513 - рухавік Cummins QSK 45-C магутнасцю 1300 к.с., трансмісія пераменнага току GE. У асноўную камплектацыю самазвалаў уведзены опцыі, якія паляпшаюць эксплуатацыйную прывабнасць: сістэмы пажаратушэння з дыстанцыйным уключэннем, кантролю ціску ў шынах, кантролю загрузкі і паліва, відэаагляду, а таксама ўстройства сігналізацыі набліжэння да высакавольтнай лініі.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - найбуйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.