26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" аднаўляе пастаўкі тэхнікі ў Чылі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт прадпрыемства.
"Два БелАЗ-75581 грузападымальнасцю 90 т адправіліся на Лацінаамерыканскі кантынент у адрас чылійскай кампаніі Minera Tres Valles. Гэта першая пастаўка беларускіх самазвалаў у Чылі пасля працяглага перапынку", - адзначылі ў ААТ.
Прадпрыемства, дзе давядзецца працаваць беларускім самазвалам, валодае поўным цыклам вытворчасці ад здабычы матэрыялу да абагачальнай фабрыкі, дзе робяць медныя катоды. "Здабыўная частка ўключае падземную шахту, дзе ўжо працуе машына МоАЗ-75290 (прадукцыя філіяла ААТ "БелАЗ"), прызначаная для транспартавання горнай масы і карысных выкапняў у падземных вырабатках, тунэлях і пры іншых цяжкіх умовах, і невялікі адкрыты кар'ер, дзе і плануецца выкарыстанне 90-тонных белазаўскіх самазвалаў", - растлумачылі на прадпрыемстве.
Адзін з адпраўленых 90-тоннікаў будзе прадстаўлены на выставачным стэндзе БелАЗ на вялікай выстаўцы Exponor, якая пройдзе ў горадзе Антафагаста ў канцы мая. Exponor - гэта адна з галоўных пляцовак у Чылі і ў цэнтральным і паўднёвым рэгіёнах Лацінскай Амерыкі для прэзентацыі перадавых распрацовак і дасягненняў горназдабыўной прамысловасці, а таксама перспектыўных інвестыцыйных праектаў. Мерапрыемства праводзіцца раз у два гады і збірае больш за 1 тыс. кампаній з 30 краін.
У 2017 годзе БелАЗ быў экспанентам выстаўкі Exponor, і тады ўвагу прыцягнула кіруемая з дапамогай мабільнага дадатку на смартфоне мадэль маштабу 1:20 самазвала грузападымальнасцю 450 т. "Наведвальнікі Exponor 2019 будуць мець магчымасць убачыць беларускі кар'ерны 90-тоннік ужывую, што несумненна дазволіць ім ацаніць яго вартасці ў поўнай меры", - лічаць у ААТ "БелАЗ".
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" (Жодзіна) - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое прымяняецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах.