15 ліпеня, Мінск /Тацяна Лісатовіч - БЕЛТА/. Авіякампанія "Белавія" 15 ліпеня адкрыла рэгулярны рэйс па маршруце Мінск - Мюнхен - Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Палёты будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях з вылетам з Мінска ў 12:30 і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Мюнхен імя Франца-Ёзефа Штрауса ў 13:35. Рэйс назад з Мюнхена будзе вылятаць у 14:15 па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях, прылёт у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 17:15. Час для ўсіх аэрапортаў пазначаны мясцовы. Палёты будуць ажыццяўляцца на паветраных суднах Embraer-175 умяшчальнасцю 76 месцаў. Час у дарозе складзе амаль дзве гадзіны.
Кошт авіябілетаў у адзін бок складзе ад 115 еўра і ад 255 еўра - туды-назад, уключаючы таксы і зборы. Білеты даступны на сайце перавозчыка.
Міжнародны аэрапорт Мюнхен стаў чацвёртым аэрапортам па нямецкім напрамку ў маршрутнай сетцы "Белавія". Цяпер беларускі перавозчык выконвае рэгулярныя рэйсы ў аэрапорты Берліна, Франкфурта, Гановера.
Паводле слоў генеральнага дырэктара "Белавія" Анатоля Гусарава, адкрыццё рэйса ў Мюнхен для авіяперавозчыка стала знакавай падзеяй, якой чакалі некалькі гадоў. "Авіяцыйнае кіраўніцтва Беларусі і Германіі вясной бягучага года дасягнула пагаднення аб павелічэнні частаты і маршрутаў палётаў для авіяперавозчыкаў дзвюх дзяржаў. Дзякуючы такому рашэнню "Белавія" змагла дабавіць гэты новы напрамак у сваю маршрутную сетку", - сказаў ён. Паводле слоў Анатоля Гусарава, бакі спадзяюцца, што адкрыццё рэйса ў Мюнхен будзе садзейнічаць развіццю дзелавых кантактаў, міжкультурнаму дыялогу, а таксама ўмацаванню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Германіяй.
Акрамя таго, гэта дасць магчымасць павелічэння транзіту з Еўропы праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, што ў сваю чаргу дазволіць аптымізаваць цэны на білеты, зрабіўшы іх больш прымальнымі.
У гутарцы з журналістамі Анатоль Гусараў падзяліўся планамі авіякампаніі па далейшым развіцці маршрутнай сеткі: "Думаю, у бягучым годзе мы не будзем планаваць актыўнага развіцця дадатковых рэйсаў. Але ў той жа час еўрапейскі рэгіён вельмі цікавы, ёсць попыт. Мы думаем, гэта можа быць і Мадрыд, і іншыя напрамкі ў Еўропе. Таксама нам вельмі цікавы напрамкі ва Усходнім сектары: магчыма, Кітай, Індыя. Але тут мы ўпіраемся ў адсутнасць самалётаў Boeing 737 MAX".
Авіякампанія "Белавія" - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск і выконвае з Мінска рэгулярныя рэйсы ў 55 аэрапортаў 29 краін. Флот авіякампаніі налічвае 30 паветраных суднаў (сем Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, пяць Boeing 737-300, чатыры Embraer-175, шэсць Embraer-195, два CRJ-200).