5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларуснафта" прэзентавала сёння сетку зарадных станцый для электрамабіляў Malanka, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржава даручыла нашай кампаніі стварыць фундаментальную зарадную інфраструктуру і павялічыць аб'ём інвестыцый у сектар зарадных станцый. Тады ў нас было 17 зарадных станцый, за тэрмін крыху большы за паўтара года мы нарасцілі іх колькасць да 251. Да 2021 года будзе ўстаноўлена больш за 600 станцый. Пры пацвярджэнні дынамікі мы разлічваем да 2025-га на павелічэнне колькасці электрамабіляў у Беларусі да 100 тыс., у будучым іх колькасць можа вырасці да 300 тыс.", - адзначыў намеснік гендырэктара ВА "Беларуснафта" Андрэй Коцік.
Далейшы рост колькасці электрамабіляў у краіне ў кампаніі "Беларуснафта" звязваюць у тым ліку з абнуленнем мытнай пошліны на электрамабілі.
Што датычыцца эканамічнага боку праекта, Андрэй Коцік растлумачыў: першыя зарадныя станцыі каштавалі каля 60-70 тыс. еўра, далей сітуацыя змянілася, і цяпер зарадная станцыя каштуе да $20 тыс. Пры гэтым ён растлумачыў: аб'ём інвестыцый вызначаецца не толькі коштам зарадных станцый, але і месцамі падключэння да электрасетак. Ад гэтага залежыць, ці патрэбны дадатковыя інвестыцыі і ў якім аб'ёме. Чакаецца, што інвестыцыі толькі ў сетку суперхуткіх зарадных станцый складуць каля 150 млн еўра, крэдытныя сродкі пад гэты праект могуць выдзеліць міжнародныя банкі. "Гэта пытанне адкрыта, вядзём перагаворы з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыйцыйным банкам", - растлумачыў Андрэй Коцік.
Паводле яго слоў, акупнасць сеткі зарадных станцый будзе вызначацца некалькімі крытэрыямі. Пад гэтыя тэхналогіі выдзяляюцца "доўгія" фінансавыя прадукты, тэрмін акупнасці такіх праектаў знаходзіцца ў раёне 5-6 гадоў, растлумачыў ён.
Сёння сетка Malanka можа абслугоўваць каля 9 тыс. электрамабіляў у дзень. "Беларуснафта" забяспечыла зараднымі станцыямі АЗС на галоўных магістралях краіны, а таксама паркоўкі побач з вялікімі камерцыйнымі, спартыўнымі і культурнымі аб'ектамі.
У планах - да 2022 года пашырыць сетку так, каб зараджаць да 35 тыс. машын. Да 2022 года будзе запушчана каля 640 зарадных станцый. З бягучага года будуць устанаўлівацца толькі хуткія станцыі, на якіх можна папоўніць запас ходу на 35 км за 7 мінут. Гэтага зараду хопіць на некалькі паездак па горадзе.
Акрамя таго, у сетцы Malanka з'явяцца і суперхуткія станцыі, якія зараджаюць электрамабіль за 10-12 мінут на 345 км прабегу. Пачаць запуск такіх ЭЗС плануецца з асноўных магістралей і сталіцы, затым яны паступова пакрыюць усю краіну. Першыя суперхуткія АЗС можна будзе пратэсціраваць у канцы 2020 года, паўнацэннае развіццё плануецца арыенціровачна да 2024 года.
Паводле прагнозаў экспертаў, да 2030 года 20 працэнтаў сусветнага аўтапарку будуць складаць электрамабілі, і многія еўрапейскія краіны ідуць да гэтай мэты.