15 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" пачало здабычу нафты ў Эквадоры. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па геалогіі Пётр Поўжык.
Размова ідзе аб радовішчы "Армадыльё" на блоку 55. Свае работы беларускія нафтавікі праводзяць у адпаведнасці з кантрактам, які быў заключаны з дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніяй Эквадора "Петраамазонас". У ходзе рэалізацыі праекта выкананы геалагічныя даследаванні на аснове даных сейсмаразведкі, спраектаваны і пабудаваны інжынерныя камунікацыі. "На аснове даных, атрыманых у выніку апрацоўкі сейсмічнай здымкі
3D, спецыялісты "Беларуснафты" рэкамендавалі да бурэння тры свідравіны", - адзначыў субяседнік.Пры будаўніцтве свідравіны
"Армадыльё-2" у пласце volcanica былі адзначаны павышаныя газаўтварэнні. Геалагічныя даследаванні і далейшыя даныя гэтага аб'екта пацвердзілі, што беларускія спецыялісты адкрылі новую залеж нафты на радовішчы. У выніку з пласта volcanica атрыманы ўстойлівы прамысловы прыток бязводнай нафты.Цяпер на радовішчы пабудаваны дзве свідравіны, пачалася іх пробная эксплуатацыя. У перспектыве будаўніцтва яшчэ адной свідравіны. Далейшыя работы прадугледжваюць прадаўжэнне вывучэння нетраў з мэтай удакладнення месцаразмяшчэння наступных эксплуатацыйных свідравін. "Плануецца здабыць больш за 10 млн бараляў нафты. Эквадор стаў другой лацінаамерыканскай краінай пасля Венесуэлы, дзе "Беларуснафта" пачала здабычу нафты", - падкрэсліў Пётр Поўжык.