16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вытворцы прадуктаў харчавання 15-19 сакавіка пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Катары ўпершыню прымаюць удзел у міжнароднай харчовай выстаўцы "Агрытэк" у г.Доха. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.
У экспазіцыі ўдзельнічаюць дзевяць беларускіх прадпрыемстваў - "Бабуліна крынка", "Малочны гасцінец", Мінскі малочны завод нумар 1, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Слуцкі сыраробны камбінат, Салігорская птушкафабрыка, Мінскі завод безалкагольных напіткаў, Магілёўскі мясакамбінат і "Лідахлебапрадукт".
Напярэдадні выстаўкі, 14 сакавіка, у Катарскай гандлёва-прамысловай палаце былі арганізаваны дзелавыя перагаворы прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і катарскіх дзелавых колаў, у якіх з катарскага боку прынялі ўдзел больш за 20 кампаній.