24 сакавіка, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Беларускія прадукты канкурэнтаздольныя на расійскім рынку, заявіў сёння журналістам губернатар Арлоўскай вобласці Вадзім Патомскі ў час сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прадукты беларускага вытворцы ў нас карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасцю. Усё, што прывозяць з Беларусі, канкурэнтаздольнае, перш за ўсё, па якасці", - падкрэсліў губернатар.
Паводле слоў Вадзіма Патомскага, жыхары Арлоўскай вобласці і іншых суб'ектаў Расійскай Федэрацыі з задавальненнем набываюць усё, што выраблена ў Беларусі. "Чэргі за вашай прадукцыяй у магазінах захоўваюцца, паколькі гэтыя прадукты канкурэнтныя і па цане", - адзначыў ён.
У 2015 годзе тавараабарот Беларусі з Арлоўскай вобласцю склаў $92,2 млн, у тым ліку экспарт склаў $59,6 млн, імпарт - $32,6 млн. Рост экспарту быў адзначаны па такіх таварных пазіцыях, як ялавічына (138 працэнтаў), плодаагароднінныя кансервы (151 працэнт), яблыкі, грушы, айва (211 працэнтаў), бульба (256 працэнтаў), электрычныя рухавікі і генератары (109 працэнтаў), пластмасы і вырабы з іх (120,7 працэнта). Акрамя таго, у мінулым годзе пачаліся пастаўкі жывой буйной рагатай жывёлы ў Арлоўскую вобласць.