1 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Беларускія нафтавікі ўпершыню пачалі маштабныя геолагаразведачныя работы ў Паўднёвай зоне Прыпяцкага прагіну, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў намеснік генеральнага дырэктара вытворчага аб'яднання "Беларуснафта" па геалогіі Пётр Поўжык, вызначаны тры найбольш перспектыўныя ўчасткі для сейсмаразведачных работ 3D: Валаўскі, Ельскі і Радамлянскі. Паводле прагнозаў спецыялістаў, здабываемыя запасы гэтых аб'ектаў - больш за 14 млн т вуглевадародаў. Такі вывад з высокай верагоднасцю зрабілі па выніках папярэдніх даследаванняў. Падставай для такіх прагнозаў стала і шматгадовая работа геолагаў, растлумачыў генеральны дырэктар НПЦ па геалогіі Валянцін Яськоў.
Праграма геолага-пошукавых работ прадугледжвае комплекснае вывучэнне ўсёй часткі Паўднёвай зоны Прыпяцкага прагіну. "Больш за 30 гадоў у гэтых раёнах не праводзілася пошукавае свідраванне. Аднак першая беларуская нафта ў сярэдзіне 1950-х была адкрыта менавіта ў гэтым напрамку. З-за адсутнасці належных тэхналогій прамысловых запасаў нафты тут тады не выявілі. Сёння мы маем поўнае права прагназаваць адкрыццё радовішчаў вуглевадародаў на глыбіні больш за 4 тыс.м з лёгкімі запасамі нафты", - падкрэсліў Пётр Поўжык.
Да гэтага гатовы ў НГЗУ "Рэчыцанафта". Начальнік упраўлення Сяргей Ласіца адзначыў, што глыбіня практычна ўсіх свідравін у Беларусі вар'іруецца ад 2,5 тыс.м да 5 тыс.м. "Нічога новага з пункту гледжання прагназуемай глыбіні залягання нафты на гэтай тэрыторыі няма. Разам з тым гэта могуць быць даволі глыбокія свідравіны з геалагічнай будовай, блізкай да Цэнтральнай і Паўночнай зон. У той жа час яны могуць мець адрозненні і асаблівасці, з якімі мы сутыкнёмся ўпершыню. Але, думаю, вырашым усе пастаўленыя задачы", - сказаў ён.
Пачалі сейсмаразведку з Валаўскай плошчы Паўднёвай структурнай зоны Прыпяцкага прагіну. Цяпер сейсмаразведчыкі разгарнулі тут палявы лагер. Фактычна працуюць у чыстым полі. "Прытокі пластавых флюід, якія былі атрыманы пры выпрабаваннях, сведчаць аб добрых калектарскіх уласцівасцях парод", - расказалі на прадпрыемстве. У залежнасці ад вынікаў далейшых работ будзе вызначацца неабходная інфраструктура.
Усяго сейсмаразведкай 3D будуць пакрыты Ельска-Нараўлянская, Радамлянская, Мікалаеўская і Выступовіцкая нафтаперспектыўныя плошчы ў межах Паўднёвай структурнай зоны. Яны размешчаны ў Лельчыцкім, Ельскім, Нараўлянскім, Мазырскім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці.
Пётр Поўжык акцэнтаваў увагу на тым, што зона цяперашняга геалагічнага інтарэсу знаходзіцца за 70 км ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У перспектыве гэта дасць магчымасць здабытую нафту з гэтага рэгіёна накіроўваць на Мазырскі НПЗ і загружаць яго магутнасці высакаякаснай нафтай.
Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін. Сейсмаразведка - раздзел разведачнай геафізікі, заснаваны на ўзбуджэнні і рэгістрацыі сейсмічных хваль і атрыманні з іх карыснай геолага-геафізічнай інфармацыі.