30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія энергетыкі прымуць удзел у новай праграме тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза для краін "Усходняга партнёрства" EU4Energy, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
"У Міністэрстве энергетыкі на мінулым тыдні адбылася сустрэча з дырэктарам сакратарыята Энергетычнага супольніцтва Янезам Копачам і экспертам па пытаннях аднаўляльнай энергетыкі і энергаэфектыўнасці, намеснікам начальніка аддзела садзейнічання краінам "Усходняга партнёрства" Святланай Карпішынай. У час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўдзелу беларускага боку ў новай праграме тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза для краін "Усходняга партнёрства" EU4Energy і яе рэалізацыі", - расказалі ў прэс-службе.
Праграма тэхнічнай дапамогі запланавана на перыяд да 2020 года і ўключае мерапрыемствы, нацэленыя на ўдасканаленне заканадаўства ў газавым і электраэнергетычным сектарах, у сферы энергаэфектыўнасці, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. "Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся аб распрацоўцы ў бліжэйшы час гадавога і чатырохгадовага планаў работы па прыярытэтных для беларускага боку напрамках", - падкрэслілі ў ведамстве.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, ДВА "Белэнерга" і іншыя зацікаўленыя дзяржаўныя органы.