28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На рахунак ААТ "Белгархімпрам", якое з'яўляецца падрадчыкам Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, пералічана ўжо $700 млн за праведзеныя работы. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міхаіл Мясніковіч расказаў, што кіраўнік дзяржавы сёння даў даручэнне арганізавана правесці ўсе неабходныя фінансавыя разлікі, каб беларускія арганізацыі атрымалі плату за фактычна выкананыя аб'ёмы работ. "Цяпер ідуць разлікі. Там даволі складаная сістэма разлікаў і пагашэння авансаў, пэўныя гарантыйныя абавязацельствы. Але на рахунак "Белгархімпрама" як генеральнага падрадчыка пералічана ўжо каля $700 млн. Падпісаны ўсе неабходныя дагаворы, і суправаджэнне дзейнасці камбіната ў адпаведнасці з кантрактам будзе ажыццяўляцца да 2020 года. Гэта таксама аплатная работа", - сказаў ён.
На думку старшыні Савета Рэспублікі, будаўніцтва Гарлыкскага ГАК з'яўляецца выгадным для беларускага боку. "Гэта іміджавы праект, ён сведчыць, што мы сапраўды можам і спраектаваць, і пабудаваць, і выканаць усе неабходныя інжынірынгавыя работы, таму што там працавалі сотні розных арганізацый і ўсё гэта трэба было ўвязаць. Для нашых будаўніча-мантажных арганізацый таксама было выгадна і даволі рэнтабельна там працаваць", - адзначыў ён.
Акрамя таго, беларускі бок паставіў на камбінат шмат абсталявання сваіх прадпрыемстваў: асобныя віды праходчых камбайнаў, электрычнае і механічнае абсталяванне, тэхніку МАЗа і "Амкадора". "Усе гэтыя пастаўкі ажыццяўляліся на тэндарных умовах. Гэта быў не проста нейкі пратэкцыянісцкі рэжым для Беларусі. Нашы прадпрыемствы і будаўніча-мантажныя арганізацыі паказалі сваю канкурэнтаздольнасць пры ўзвядзенні гэтага камбіната", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Старшыня Савета Рэспублікі не выключыў таго, што Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат можа стаць партнёрам ААТ "Беларуськалій". "Гэта пытанне абмяркоўвалася. Я думаю, што яно будзе і прадметам перагавораў у час візіту кіраўніка дзяржавы ў Туркменістан. Безумоўна, з улікам прафіцытнасці калійнага рынку (сёння прапанаванне вышэйшае за попыт) трэба дамаўляцца, каб выгадна гандляваць. Але ёсць розныя схемы, і ёсць абавязацельствы ў дзяржаў", - канстатаваў ён.