19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Made in Belarus будзе арганізавана на выстаўцы International Fair of Khartoum, якая пройдзе ў Хартуме (Судан) з 22 па 29 студзеня 2018 года, паведамілі БЕЛТА на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Беларусь прадставяць ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш", ЗАТ "Атлант". Прыём заявак на ўдзел прадаўжаецца.
Арганізуе экспазіцыю беларускіх вытворцаў Made in Belarus выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Судане.
International Fair of Khartoum праводзіцца штогод з 1978 года і з'яўляецца ключавым выставачным мерапрыемствам у Паўночна-Усходняй Афрыцы. У 2017 годзе ў мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 600 экспанентаў з усяго свету. Выстаўку наведалі больш за 145 тыс. чалавек. Папулярнасць выстаўкі сярод сусветных экспарцёраў тэхнікі і прамысловага абсталявання шмат у чым абумоўлена тым, што 80 працэнтаў жыхароў Судана заняты ў аграрным сектары - гэта вялікі рынак для вытворцаў сельгастэхнікі. Тут запатрабаваны трактары, станкі, трансфарматары, оптыка і шыны.