26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя Made in Belarus прадстаўлена на спецыялізаванай выстаўцы "Газ. Нафта. Тэхналогіі", якая адкрылася 25 мая ва Уфе. Экспазіцыя дэманструе нафтахімічную прадукцыю сямі беларускіх прадпрыемстваў, паведамілі БЕЛТА на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Навінкі і перадавыя распрацоўкі ў нафтахімічнай прамысловасці прадставілі канцэрн "Белнафтахім" і яго падведамныя прадпрыемствы - ААТ "Белшына", ААТ "Магілёўхімвалакно", ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", ААТ "СветлагорскХімвалакно", а таксама ААТ "Сейсматэхніка" і БМЗ.
"Белшына" на выстаўцы прадставіла натуральныя ўзоры легкавых і грузавых бяскамерных шын. Трубы бясшвовыя для нафта- і газаправодаў, для вытворчасці свідравальных, помпава-кампрэсарных і абсадных труб, для вытворчасці злучальных муфтаў прадставіў Беларускі металургічны завод. "Магілёўхімвалакно" прэзентавала на выстаўцы навінку - першаснае поліэфірнае валакно тыпу "канжугейт", якое з'яўляецца сыравінай для вытворчасці сінтэпуху для набівання падушак, коўдраў, адзення, мэблі, цацак. Прадпрыемства з'яўляецца адным з нешматлікіх вытворцаў такога валакна ў СНД і Еўропе.
Мазырскі НПЗ прадставіў бензін неэтыліраваны АІ-92-К5-Еўра і АІ-100-К5-Еўра, паліва дызельнае, што адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза і еўрапейскага стандарту EN590, бітумы дарожныя, дахавыя і будаўнічыя, а таксама вуглевадародныя паліўныя звадкаваныя газы.
"Актуальнай навінкай выстаўкі стаў нятканы матэрыял мельтблаўн кампаніі "СветлагорскХімвалакно". Матэрыял выкарыстоўваецца для вытворчасці вырабаў медыцынскага прызначэння - аднаразовае адзенне для работнікаў аховы здароўя і аднаразовыя медыцынскія маскі. Кампанія таксама прадставіла ўзоры ніці поліэфірнай, трыкатажных палотнаў, нятканых матэрыялаў "Спанбел", поліпрапіленавых мяшкоў для ўпакоўкі, шпагату, упаковачнай тканіны", - адзначылі ў "Белінтэрэкспа".
Кампанія "Сейсматэхніка" прэзентуе на выстаўцы мабільныя комплексы для бурэння і капітальнага рамонту свідравін з дызельным і частотна-рэгулюемым прыводам, а таксама вібрацыйныя крыніцы сейсмічных сігналаў, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні сейсмаразведачных работ. Абсталяванне, якое выпускаецца прадпрыемствам, эксплуатуецца больш як у 20 краінах свету.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця беларускую экспазіцыю наведаў кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радый Хабіраў.
Выстаўка прадоўжыць сваю работу да 28 мая. Арганізатар экспазіцыі Made in Belarus - выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.