5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам" Аляксандрам Забелам 1-5 мая наведала штаты Аклахома, Арканзас і Нью-Ёрк. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.Галоўнай мэтай візіту стала развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін і выяўленне шляхоў пашырэння паставак беларускай прадукцыі ў ЗША.
У Літл-Року беларуская дэлегацыя сустрэлася з губернатарам Аса Хатчынсанам, прадставіўшы інфармацыю аб магчымасцях дзелавога і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Магілёўскай вобласцю і прадпрыемствамі канцэрна "Белдзяржхарчпрам". На сустрэчы абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння са штатам Арканзас, у тым ліку магчымасць арганізацыі візіту ў Беларусь дэлегацыі дзелавых колаў штата.
Затым у Роджэрсе на пляцоўцы Цэнтра сусветнага гандлю штата Арканзас прайшоў інтэрактыўны семінар, у час якога для прадстаўнікоў дзелавых колаў і акадэмічнай супольнасці была праведзена прэзентацыя Беларусі, харчовай галіны і асобных прадпрыемстваў.
У час мерапрыемства таксама абмяркоўваўся доступ беларускай прадукцыі на амерыканскі рынак і яе ўваходжанне ў буйныя амерыканскія сеткі рознічнага гандлю, уключаючы Walmart і Sam’s Club.
На перагаворах з кіраўніцтвам Літл Рока, Бентанвіла, Аклахома-Сіці і Талсы абмяркоўваліся пытанні наладжвання партнёрскіх адносін з беларускімі гарадамі, магчымасці ўзаемавыгадных кантактаў у гандлі, адукацыі і культуры.
Акрамя таго, з мэрам Літл-Рока Маркам Стодала было падпісана пагадненне аб устанаўленні двухбаковага дзелавога партнёрства з Магілёвам.
Беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з кіраўнікамі гандлёвых палат гэтых гарадоў. Дасягнуты дамоўленасці аб узаемадзеянні з прадстаўнікамі беларускага бізнесу праз Магілёўскае аддзяленне БелГПП з перспектывай выхаду на ўстанаўленне партнёрскіх адносін паміж палатамі.
Па выніках перагавораў паміж Магілёўскім аддзяленнем БелГПП і рэгіянальнай гандлёвай палатай Літл-Рока падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.
У заключны дзень свайго знаходжання ў ЗША кіраўнік "Белдзяржхарчпрама" і прадпрыемствы канцэрна правялі ў Нью-Ёрку перагаворы з партнёрамі беларускіх прадпрыемстваў у ЗША, азнаёміліся з работай суб'ектаў тавараправоднай сеткі, наведалі гандлёвыя аб'екты, дзе прадаецца беларуская прадукцыя.