19 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур'янаў разгледзіць у Мілане падрыхтоўку ўдзелу нашай краіны ў "ЭКСПА-2015". Аб гэтым сёння на брыфінгу паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Візіт беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Гур'янавым у Рым і Мілан праходзіць 18-21 сакавіка. У Мілане адбудуцца кансультацыі з арганізатарам Сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2015" - кампаніяй "ЭКСПА-2015 С.п.А" і генеральным падрадчыкам - кампаніяй "Штальбау Піхлер С.р.л.". На сустрэчах плануецца абмеркаваць пытанне будаўніцтва і абсталявання нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь.
У Рыме намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства сустрэўся з кіраўніцтвам італьянскага агенцтва па экспартным крэдытным страхаванні "САЧЭ С.п.А" і абмеркаваў магчымасці аказання падтрымкі па праектах мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў.