26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-пакістанскі бізнес-форум пройдзе ў Мінску 2 жніўня, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Праграмай бізнес-форуму прадугледжана правядзенне пленарнага пасяджэння з асвятленнем пытанняў эканамічнага, прамысловага і аграпрамысловага патэнцыялу Беларусі, дзелавога і інвестыцыйнага клімату Пакістана, а таксама перагавораў паміж беларускімі і пакістанскімі бізнесменамі ў фармаце B2B.
З боку пакістанскіх кампаній ёсць зацікаўленасць ва ўстанаўленні дзелавых сувязей з беларускімі прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сферах тэкстыльнай прамысловасці (рэалізацыя бавоўны, тканін, матэрыялаў са скуры, гатовай тэкстыльнай прадукцыі), машынабудавання (закупка прамысловай, кар'ернай і сельскагаспадарчай тэхнікі, запасных частак да беларускай тэхнікі), вытворчасці і рэалізацыі спартыўных тавараў, фармацэўтыкі (закупка беларускай прадукцыі), медыцыны (рэалізацыя хірургічнага інструменту).
Бізнес-форум пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.