26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-мексіканскі эканамічны форум пройдзе ў Мехіка. Дамоўленасць аб яго правядзенні дасягнута ў час візіту 21-25 чэрвеня начальніка ўпраўлення Амерыкі Міністэрства замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі ў Мексіку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У ходзе візіту адбыліся кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Мексікі на ўзроўні кіраўнікоў тэрытарыяльных падраздзяленняў. Мексіканскую дэлегацыю ўзначальваў генеральны дырэктар МЗС па адносінах з краінамі Еўропы Алехандра Негрын. Бакі абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў двухбаковых адносін, уключаючы іх развіццё ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай галінах, а таксама ўстанаўленне супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, культуры, навукі і тэхналогій.
У час знаходжання ў Мехіка Алег Краўчанка правёў сустрэчы з дэпутатам Генеральнага кангрэса Мексікі, старшынёй групы дружбы "Мексіка-Беларусь" Магдаленай дэль Сакора Нуньес Манрэаль, а таксама ў камісіі па замежных справах Сената Мексікі, у ходзе якіх абмеркаваны пытанні развіцця двухбаковага міжпарламенцкага дыялогу.
Адбыліся перагаворы з кіраўніцтвам Савета мексіканскіх прадпрымальнікаў па знешнім гандлі і Гандлёвай палаты Мехіка, у час якіх праведзены прэзентацыі магчымасцей гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю і абмеркаванне магчымых напрамкаў дзелавога ўзаемадзеяння, уключаючы прамысловую кааперацыю і інвестыцыі. Дасягнута дамоўленасць аб развіцці супрацоўніцтва з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, уключаючы ўстанаўленне партнёрскіх адносін.
Алег Краўчанка таксама выступіў перад слухачамі Дыпламатычнай акадэміі Мексікі з лекцыяй аб знешняй палітыцы Беларусі.