22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-грузінскі бізнес-форум пройдзе ў Мінску 23 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Мерапрыемства арганізуецца БелГПП сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Грузіі ў ходзе афіцыйнага візіту ў Беларусь прэм'ер-міністра Грузіі Георгія Квірыкашвілі.
Плануецца, што ў рабоце бізнес-форуму прымуць удзел прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі, кіраўнікі міністэрстваў, іншых дзяржаўных органаў і гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін.
У ходзе форуму будуць разгледжаны перспектыўныя напрамкі пашырэння двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Прадстаўнікі больш як 50 беларускіх і 28 грузінскіх прадпрыемстваў правядуць перагаворы аб магчымасцях супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў у сферах машынабудавання, вытворчасці прадуктаў харчавання і він, страхавання, інфармацыйных тэхналогій, банкаўскіх паслуг, нафтахімічнай прамысловасці, фармацэўтыкі, вытворчасці лакафарбавай прадукцыі.
Мерапрыемства адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.