26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт беларускіх тавараў у Латвію ў студзені-верасні 2018 года вырас больш як у паўтара раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч.
Паводле даных кіраўніка дыппрадстаўніцтва, беларускі экспарт у Латвію за 9 месяцаў бягучага года склаў $390,8 млн (на 54,2 працэнта больш).
"Без уліку нафтапрадуктаў, бітуму, азотных і калійных угнаенняў, нафтавых газаў і іншых газападобных вуглевадародаў паказчык павялічыўся на $163,1 млн да $332,1 млн", - сказаў Васіль Марковіч.
Акрамя таго, за гэты перыяд амаль у 23 разы выраслі пастаўкі ў Латвію гарачакачаных пруткоў з нелегіраванай сталі, у 16,2 раза ўзрос экспарт беларускіх трактароў і седлавых цягачоў, у 5,8 раза павялічыўся экспарт гадзіннікаў беларускай вытворчасці, амаль у 4 разы - цэменту, у 3,8 раза - вырабаў з цэменту, бетону або штучнага каменю, у 3,3 раза - антыдэтанатараў і антыаксідантаў. "У разы павялічыліся аб'ёмы паставак беларускіх фарбаў і лакаў, паліўнай драўніны, пластмасавай тары, металаканструкцый з чорных металаў, драўляных вырабаў, мэблі і іншай прадукцыі. Гэта сведчыць аб істотным росце попыту на беларускія тавары сярод латвійскіх спажыўцоў, а таксама аб зацікаўленасці дзвюх краін ва ўмацаванні эканамічнага супрацоўніцтва", - адзначыў пасол. Разам з тым за гэты перыяд скараціліся аб'ёмы экспарту нафтапрадуктаў, угнаенняў, поліамідаў, легкавых аўтамабіляў і ізаляваных правадоў.
Як падкрэсліў Васіль Марковіч, Латвія з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам і інвестарам Беларусі, а таксама буйным транзітным калідорам для беларускага экспарту ў трэція краіны. Аб гэтым сведчыць і рост такога знешнеэканамічнага паказчыка, як двухбаковы тавараабарот. Так, у студзені-верасні 2018 года ён дасягнуў адзнакі $465,2 млн, што перасягае паказчык за ўвесь мінулы год. Сальда за 9 месяцаў бягучага года склалася дадатнае ў памеры $316,4 млн, латвійскі імпарт за гэты перыяд дасягнуў $74,4 млн.