4 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларускі экспарт у Кітай за 2015 год узрос і склаў звыш $800 млн. Гэтыя даныя прывёў 4 сакавіка на прэс-канферэнцыі саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства КНР у Беларусі Лю Сюэсун, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат адзначыў важнасць таго, што ў 2015 годзе кітайска-беларускае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва атрымала новае развіццё. "Нягледзячы на адмоўныя тэндэнцыі ў цэлым у міжнародным гандлі, тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем захаваўся прыблізна на ўзроўні 2014 года. Гэтыя паказчыкі з'яўляюцца выдатнымі на фоне сусветнай эканамічнай стагнацыі", - лічыць саветнік.
"Асабліва нас радуе павелічэнне паказчыка экспарту тавараў з Беларусі ў Кітай", - заўважыў Лю Сюэсун. Пры гэтым ён паведаміў, што па выніках мінулага года імпарт з Кітая склаў звыш $2,4 млрд.
Паводле слоў дыпламата, кітайскі бок усяляк падтрымлівае свае прадпрыемствы ў пашырэнні закупак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, пастаянна садзейнічае выраўноўванню гандлёвага балансу паміж краінамі. Лю Сюэсун таксама сказаў, што вядзецца работа па сертыфікацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, што прызначаецца для продажу ў Кітай. Паводле яго слоў, 15 малочна-перапрацоўчых прадпрыемстваў ужо атрымалі ліцэнзіі на экспарт сваёй прадукцыі ў Кітай.
Лю Сюэсун выказаў надзею, што беларускія прадпрыемствы будуць весці больш актыўную рэкламную дзейнасць па прэзентацыі выпускаемай прадукцыі, зробяць яе вядомай і папулярнай на рынках Кітая.