12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі "Беларускі будаўнічы тыдзень-2016", "Белкамунтэх-2016" і салоны "Ландшафт. Катэдж. Інтэр'ер", "Драўлянае і загараднае домабудаванне" адкрываюцца сёння ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары мерапрыемстваў.
Гэтыя мерапрыемствы зарэкамендавалі сябе ў якасці пляцовак для папулярызацыі прадукцыі і брэндаў, вывучэння рынку, сустрэч са спецыялістамі і патэнцыяльнымі заказчыкамі з розных рэгіёнаў Беларусі і замежжа.
"За гады свайго існавання выстаўка "Беларускі будаўнічы тыдзень" набыла значнасць для будаўнічай індустрыі, стаўшы вялікай прафесійнай падзеяй у гэтай сферы", - адзначылі спецыялісты. На форуме дэманструецца шырокі спектр перадавога абсталявання, тэхнікі, тэхналогій і матэрыялаў для будаўніцтва. На выстаўцы будуць прадстаўлены вокны, дзверы, дахі, будаўнічыя матэрыялы і прадукцыя, сантэхнічнае абсталяванне, інструменты, ацяпленне і вентыляцыя, пад'ёмна-транспартнае абсталяванне і інш.
Пастаянна пашыраецца экспазіцыя выстаўкі "Белкамунтэх", якая дэманструе існуючы патэнцыял дарожна-камунальнай гаспадаркі, энергаэфектыўныя і рэсурсазберагальныя тэхналогіі, тэхніку, абсталяванне і прыборы, укараненне якіх у вытворчасць садзейнічае вырашэнню многіх эканамічных праблем у жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
Шырокая дзелавая праграма выставак прадаставіць спецыялістам магчымасць атрымаць вычарпальную аналітычную інфармацыю, сустрэцца з калегамі, абмяняцца вопытам і меркаваннямі, наладзіць дзелавыя кантакты.
Арганізатар выставак - кампанія ЗАТ "МінскЭкспа" пры падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Саюза будаўнікоў.