7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі Пріорбанк увайшоў у топ-100 сусветных банкаў па версіі Euromoney, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банка.
Лепшым банкам года прызнаны ганконгскі HSBC.
Брытанскі часопіс Euromoney штогод знаходзіць лепшыя банкі ў 100 краінах - ад Аргенціны да Нарвегіі. Прэмія карыстаецца вялікім аўтарытэтам - гэта своеасаблівы фінансавы "Оскар".
Як расказалі ў прэс-службе Пріорбанка, цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў штогадовай міжнароднай прэміі Euromoney Awards for Excellence 2017 ("За выдатныя дасягненні") адбылася 6 ліпеня ў Лондане. Узнагароды ў розных намінацыях прысуджаны яшчэ чатыром банкам групы Райффайзен у Славакіі, Босніі і Герцагавіне, Украіне і Аўстрыі, а таксама такім банкам, як Goldman Sachs, Bank of America, Merrill Lynch, Morgan Stanley, Citi і BNP Paribas.
У банку растлумачылі, што для выбару найбольш паспяховых фінансавых устаноў планеты аўтарытэтнае журы круглагадова ажыццяўляе незалежны маніторынг даных па дынаміцы фінансавых паказчыкаў, эфектыўнасці, росту долі рынку, задаволенасці кліентаў, хуткасці распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных прадуктаў. "Узнагарода, прысвоеная Пріорбанку, мае вялікі ўплыў у фінансавым свеце і ўказвае не толькі на паспяховасць банка і якасць работы, але і на яго ролю ў развіцці рынку фінансавых тэхналогій. Інавацыі становяцца ключавым трэндам у банкаўскай галіне", - падкрэслілі ў прэс-службе.
Часопіс Euromoney выдаецца ў Лондане з 1969 года і лічыцца адным з самых аўтарытэтных дзелавых выданняў свету. Штогод ён выбірае лепшыя арганізацыі ў сферы фінансаў і інвестыцый. Пераможцаў вызначаюць у тры этапы: спачатку вывучаюць гадавыя справаздачы, потым апытваюць партнёраў банка ўнутры краіны і за мяжой, пасля чаго эксперты выносяць ацэнкі. Важны не толькі фінансавыя паказчыкі, але і прафесіяналізм кіраўніцтва і персаналу, а таксама празрыстасць здзелак.
"Пріорбанк" ААТ - даччыная кампанія Raiffeisen CIS Region Holding GmbH (87,74 працэнта акцый). Пріорбанк з'яўляецца буйнейшым прыватным банкам Беларусі, уваходзіць у лік сістэмаўтваральных фінансавых устаноў рэспублікі.