11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена пашырыць сваю прысутнасць на малочным рынку В'етнама, паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Валерый Садоха сёння на Беларуска-в'етнамскім дзелавым форуме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"В'етнам закупляе штогод ад 50 тыс. т да 80-90 тыс. т сухога малака. Беларусь уваходзіць у спіс лідараў па вытворчасці сухога малака, масла, сыру, а В'етнам забяспечвае сябе малочнымі прадуктамі толькі на 20 працэнтаў, 80 працэнтаў увозіцца з-за мяжы", - адзначыў Валерый Садоха.
В'етнам развівае ўласную малочную вытворчасць, аднак імпарт расце з улікам пастаяннага павелічэння насельніцтва краіны (цяпер яно складае амаль 93 млн чалавек).
У сваю чаргу В'етнам вырабляе прадукцыю, якую імпартуе Беларусь. Гэта морапрадукты, у тым ліку крэветкі, трапічныя фрукты і агародніна, рыба, крухмал (сёння на форуме чакаецца падпісанне кантракта на пастаўку тапіёкавага крухмалу з В'етнама ў Беларусь на $6 млн). В'етнам таксама з'яўляецца адным з буйнейшых экспарцёраў рысу, кавы і перцу. На думку Валерыя Садохі, беларускім і в'етнамскім кампаніям трэба наладжваць прамыя кантакты і ўзаемны гандаль без пасрэднікаў - гэта дапаможа зрабіць тавары таннейшымі.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн звярнуў увагу, што новыя магчымасці для супрацоўніцтва дзвюх краін адкрыты пасля ўступлення ў сілу ў кастрычніку 2016 года пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам. Так, на многія тавары пошліны прыкметна зніжаны або абнулены ўжо цяпер, па шэрагу пазіцый яшчэ будуць зніжацца ў бліжэйшыя гады.
Пасол В'етнама ў Беларусі Ле Ань адзначыў, што сёння галоўная задача двухбаковага супрацоўніцтва - рост беларуска-в'етнамскага тавараабароту да $500 млн (па выніках 2017 года ён дасягнуў $180 млн). Што датычыцца стварэння новых сумесных прадпрыемстваў, то ў В'етнаме плануецца будаўніцтва малочнага камбіната. В'етнам у сваю чаргу мог бы пастаўляць чай і каву для далейшай фасоўкі ў Беларусі, лічыць пасол.
Сёння ў Беларуска-в'етнамскім дзелавым форуме прымаюць удзел больш за 100 прадстаўнікоў бізнесу. На мерапрыемства зарэгістраваліся кампаніі - вытворцы сельгаспрадукцыі, прадстаўнікі прамысловай, фармацэўтычнай, будаўнічай і інвестыцыйнай галін.