13 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Беларусь застаецца для Расіі вялікім і надзейным партнёрам у эканоміцы. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я хацеў бы ў пачатку нашай сустрэчы адзначыць, што Рэспубліка Беларусь (я цяпер не гавару пра нашы далейшыя планы па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы) у цэлым застаецца для нас вялікім і надзейным партнёрам у сферы эканомікі", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт адзначыў, што ў 2020 годзе тавараабарот паміж краінамі з-за наступстваў пандэміі ўпаў на 17 працэнтаў. Але за красавік-май гэтага года гандаль ужо дэманструе рост - лічбы павялічыліся больш як на 37 працэнтаў. "Гэта добры паказчык", - падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што, нягледзячы на знешнія выклікі, санкцыі і пандэмію, эканоміка Беларусі дэманструе нядрэнныя паказчыкі. У прыватнасці, рэспубліка абслугоўвае ўсе крэдыты, больш таго, яе знешні доўг скарачаецца. "У гэтым сэнсе Беларусь надзейны, стабільны партнёр", - заявіў расійскі лідар.
Упэўнена развіваецца ў Беларусі і прамысловая вытворчасць, заўважыў Уладзімір Пуцін. "Вырасла больш як на 16 працэнтаў - гэта вельмі добрыя паказчыкі. Я маю на ўвазе і нашу глыбокую кааперацыю ў сферы прамысловасці. Тыя вытворчыя сувязі, якія мы захавалі яшчэ з часоў Савецкага Саюза і развівалі апошнія гады, маюць пазітыўны эфект як для эканомікі Расіі, так і для эканомікі Беларусі", - дадаў Прэзідэнт Расіі.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у час сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу прэзідэнты падвядуць "некаторыя вынікі таго, што было напрацавана ўрадамі" і паглядзяць, па якіх напрамках і як рухацца далей.