Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

27 Кст 2021

Беларусь вызначыла агульнаэканамічныя мэты па скарачэнні выкідаў парніковых газаў

Беларусь вызначыла агульнаэканамічныя мэты па скарачэнні выкідаў парніковых газаў
Фота з архiва

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь устанавіла свой так званы Вызначаемы на нацыянальным узроўні ўклад (ВНУУ) у скарачэнне выкідаў парніковых газаў, паведамілі БЕЛТА ў ПРААН у Беларусі.

З улікам эканамічнай сітуацыі і магчымасцей рэспублікі новая безумоўная мэта - знізіць да 2030 года выкіды парніковых газаў не менш як на 35 працэнтаў ад узроўню выкідаў 1990 года з улікам сектара "Землекарыстанне, змяненні ў землекарыстанні і лясная гаспадарка" (ЗЗЗЛГ). А новая ўмоўная мэта - не менш як на 40 працэнтаў, таксама з улікам сектара ЗЗЗЛГ і пры ўмове выкарыстання механізмаў міжнароднага фінансавання для ўкаранення найлепшых даступных тэхналогій па дасягненні скарачэння выкідаў парніковых газаў.

Урад Беларусі прыняў распрацаваны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ВНУУ, які быў афіцыйна накіраваны ў Сакратарыят Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (РКЗК ААН) 8 кастрычніка 2021 года. Тым самым рэспубліка падтрымлівае калектыўныя намаганні па глабальным рэагаванні на змяненне клімату і дасягненні асноўнага арыенціра бягучага стагоддзя - недапушчэння павышэння сярэднесусветнай тэмпературы больш як на 2 градусы Цэльсія адносна даіндустрыяльнага перыяду.

"Вызначаны на нацыянальным узроўні ўклад - гэта стратэгічны дакумент, які ахоплівае ўсе ключавыя сектары эканомікі і вызначае кліматычны шлях развіцця будучага, - адзначыў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, нацыянальны каардынатар праекта "ЕС для клімату" Баляслаў Пірштук. - Яго рэалізацыя будзе садзейнічаць развіццю зялёнай эканомікі, захаванню прыроднага капіталу і павышэнню занятасці шляхам стварэння зялёных рабочых месцаў".

У 2016 годзе Беларусь ратыфікавала Парыжскае пагадненне і ўзяла на сябе абавязацельства па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Тым самым вызначыла свой магчымы нацыянальна-вызначаны ўклад - скараціць аб'ём выкідаў парніковых газаў на 28 працэнтаў да 2030 года ў параўнанні з узроўнем 1990 года. Названую мэту наша краіна паспяхова дасягнула. Пры гэтым, у адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем, Беларусь павінна пераглядаць уклад у скарачэнне выкідаў парніковых газаў кожныя пяць гадоў на больш амбіцыйны, што пацвярджаецца прыняццем наступнага ВНУУ.

У 2020 годзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачало работу над ВНУУ. Экспертную падтрымку працэсу аказаў праект "ЕС для клімату", які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Распрацоўка дакумента вялася ў цесным супрацоўніцтве з Глабальнай праграмай падтрымкі, Праграмай малых грантаў і іншымі стратэгічнымі партнёрамі. Каманда экспертаў праекта "ЕС для клімату" распрацавала і прадставіла базавы сцэнарый і сцэнарый з дадатковымі мерамі пры ўмераным і аптымістычным эканамічным прагнозе росту эканомікі. У працэсе работы праводзіўся аналіз кліматычнай палітыкі і мер, якія непасрэдна або ўскосна ўплываюць на дасягненне ўкладу, ацэньваўся прагрэс у дасягненні мэтавага паказчыка.

Як адзначыла пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва, толькі разам, ставячы амбіцыйныя мэты, краіны могуць справіцца з прагрэсіруючым крызісам змянення клімату. ПРААН у рамках глабальнай платформы "Кліматычнае абяцанне" аказала Беларусі падтрымку на гэтым шляху. "Цяпер мы павінны аб'яднаць усе намаганні і засяродзіцца на дасягненні гэтай мэты шляхам развіцця нізкавугляроднай эканомікі, зялёнага фінансавання і новых тэхналогій", - дадала Аляксандра Салаўёва.

"Кліматычнае абяцанне" ПРААН накіравана на каардынацыю глабальных дзеянняў па барацьбе са змяненнем клімату шляхам падтрымкі краін у павышэнні амбіцыйнасці іх ВНУУ. Ініцыятыва рэалізуецца ў 118 краінах, што робіць яе буйнейшай у свеце прапановай па кліматычнай падтрымцы. Яна падтрымліваецца ЕС, Германіяй, Швецыяй, Італіяй, Іспаніяй і іншымі краінамі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі