Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

8 Снж 2022

Беларусь стварае вытворчасць ліфтаў і трансфарматараў у Кыргызстане. Але перспектывы значна шырэйшыя

Беларусь стварае вытворчасць ліфтаў і трансфарматараў у Кыргызстане. Але перспектывы значна шырэйшыя
Фота з архiва

8 снежня, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Беларусь стварае вытворчасць ліфтаў і трансфарматараў у Кыргызстане. Аб гэтым расказаў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кыргызстане Андрэй Страчко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дыпламат адзначыў, што Кыргызстан з'яўляецца традыцыйным партнёрам Беларусі ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі. У мінулым годзе тавараабарот паміж краінамі дасягнуў амаль $100 млн, прычым на 88 працэнтаў ён складаўся з беларускага экспарту. У 2022 годзе ён можа вырасці ў паўтара раза.

"У бягучым годзе мы таксама працуем даволі паспяхова, рост экспарту прадаўжаецца. Але ў бягучым годзе яшчэ намецілася тэндэнцыя (тое, да чаго мы даўно імкнуліся): наш экспарт у Кыргызстан па-ранейшаму лідзіруе ў тавараабароце, але пастаўкі з Кыргызстана ў Беларусь пачалі расці. Кыргызстан наш надзейны і дружалюбны партнёр, і мы заўсёды хацелі, каб не толькі мы прадавалі, але і яны павялічвалі экспарт у нашу краіну. Гэта і сухафрукты, і воўна, і асноўны іх тавар - радыятары, якія мы выкарыстоўваем у сваёй прамысловасці", - расказаў пасол.

Зборка ліфтаў і трансфарматараў

Сёння краіны стараюцца не проста развіваць гандаль, але і ствараць сумесныя прадукты.

"Мы не пакідаем без увагі тэму зборачных вытворчасцей, таму што гэта цікава. Кыргызстан знаходзіцца ў лагістычным вузле, які дазваляе нашу сумесна створаную прадукцыю пашыраць на іншыя рынкі", - растлумачыў Андрэй Страчко.

Беларусь і Кыргызстан ужо вызначылі ключавыя напрамкі ў гэтай сферы - стварэнне зборачных вытворчасцей трансфарматараў сумесна з Мінскім электратэхнічным заводам імя Казлова і ліфтаў з "Магілёўліфтмашам".

"Для нашых ліфтаў і для нашых трансфарматараў тут ёсць вялізны рынак. Кыргызстан, здавалася б, нібыта невялікая краіна, але ўсе старыя савецкія ліфты - гэта вытворчасць "Магілёўліфтмаша". Толькі ў Бішкеку нам трэба замяніць каля паўтары тысячы ліфтаў. Апошнія гады мы прадавалі каля 20-30 ліфтаў у год. Але сёння мы дамовіліся з кыргызамі аб сумеснай вытворчасці. Падпісаны мемарандум з Бішкекам, на ліфты будзе размяшчацца дзяржаўны заказ. Таму мы плануем, што ўжо ў наступным годзе можна будзе выпускаць да двухсот ліфтаў. Калі гэта будзе паспяхова, у нас перспектыва выхаду адсюль і на Казахстан, і на Ташкент, таму што ў іх якраз гэткія ж нашы беларускія ліфты", - адзначыў пасол.

З дапамогай беларускіх трансфарматараў плануецца не толькі абнавіць існуючы фонд, але і выкарыстоўваць іх для павелічэння гідраэнергетычных магчымасцей Кыргызстана.

Харчаванне і легпрам

Зацікаўлены Кыргызстан і ў беларускай мяса-малочнай прадукцыі. "Тут у нас перспектывы вялікія. Мы плануем з імі размаўляць пра, магчыма, нейкі ўзорны аграхолдынг, як у нас у Беларусі, пра пастаўкі нашага абсталявання для мяса-малочных комплексаў. Для гэтага яны, вядома, павінны вырашыць пэўныя ўнутраныя задачы. У іх усе вытворчасці дробнатаварныя, мы ж прапануем, каб гэта ўсё ж такі быў вялікі аграхолдынг з вялікімі магчымасцямі і патэнцыялам, каб прадукцыя была канкурэнтаздольнай", - заявіў Андрэй Страчко.

Кыргызстан таксама лічыць сябе малочнай краінай. Яны закрываюць свой рынак і пастаўляюць прадукцыю ў Казахстан. Але аб'ёмы вытворчасці тут усё роўна не такія вялікія, як у Беларусі. "Яны хацелі б пашырыць і лінейку прадукцыі. Ствараць такую ж прадукцыю з малака, як мы ствараем", - дадаў дыпламат.

Андрэй Страчко таксама нагадаў, што з 2020 года ў Кыргызстане працуюць два беларускія магазіны "Белавежскі гасцінец", прадукцыя якіх карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў.

"Сюды прыходзіць усё больш і больш пакупнікоў, яны ацанілі нашу прадукцыю, нягледзячы на тое, што яна даражэйшая па цане. Самае галоўнае, што наша прадукцыя трапіла на тутэйшы рынак. Вялікую папулярнасць набылі нашы сыры, малако, сметанковае масла і каўбасныя вырабы, якія хваліць кожны бішкекец. У пастаўках прадуктаў харчавання ў нас таксама вялікая перспектыва", - адзначыў пасол.

Яшчэ адна выгадная тэма двухбаковага супрацоўніцтва - лёгкая прамысловасць. У прыватнасці, беларускаму боку цікава працаваць з мясцовымі вытворцамі воўны, бавоўны, скуры. Паводле слоў дыпламата, у гэтай сферы таксама можа быць створана сумесная вытворчасць. Акрамя таго, кампаніі могуць працаваць і па прамых пастаўках.

Інфраструктура і транспарт

Кыргызстан цяпер актыўна павялічвае гідраэнергетычныя магутнасці. У прыватнасці, у гэтым годзе пачата будаўніцтва Камбарацінскай ГЭС. Як адзначаў у кастрычніку прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў, пры завяршэнні будаўніцтва дзяржава стане незалежнай, поўнасцю самадастатковай краінай, якая не імпартуе, а экспартуе электраэнергію.

"Мы разлічваем, што гэты інвестыцыйны праект будзе актыўна развівацца, і бачым тут перспектыву павелічэння паставак нашых велікагрузаў, іншай кар'ернай тэхнікі. Мы ў гэтым плане вельмі мабільныя і хочам з імі працаваць", - сказаў Андрэй Страчко.

Пасол таксама дадаў, што распрацоўваецца супрацоўніцтва і ў сферы гарадскога транспарту. Кыргызстан зацікаўлены ў беларускіх электробусах, аднак іх кошт пакуль застаецца даволі высокім. У сувязі з гэтым беларуская прапанова - ствараць сумесную вытворчасць, тым больш што на пляцоўцы прамысловага блока Еўразійскай эканамічнай камісіі пачалася работа па рэалізацыі пілотнага праекта прамысловай кааперацыі "Еўразійскі электробус".

"Кыргызстану цікавы наш вопыт, нашы распрацоўкі, таму тут планы павінны быць большымі. Мы павінны быць больш агрэсіўнымі, больш актыўнымі", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дыпмісіі.

Яшчэ адна тэма, якую бакі актыўна абмяркоўваюць, - удзел Беларусі ў праектаванні мясцовых інфраструктурных праектаў, у прыватнасці чыгункі. Гэта пытанне абмяркоўвалася на нядаўнім пасяджэнні сумеснай міжурадавай камісіі. "Для іх гэта актуальнае пытанне. Краіна з'яўляецца членам ШАС і дамовілася з Кітаем аб будаўніцтве чыгункі Кітай - Кыргызстан - Узбекістан. Мы прапануем і нашу тэхніку, і наша абсталяванне для вытворчасці шпал і рэек", - растлумачыў дыпламат.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі