24 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае павялічыць аб'ём тавараабароту з краінамі Афрыкі. Аб гэтым заявіў сёння ў Мінску міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам міжнародных адносін і супрацоўніцтва Намібіі Нетумба Нандзі-Ндаітва, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Уладзімір Макей падкрэсліў неабходнасць больш актыўнага развіцця сувязей Беларусі з краінамі Афрыканскага кантынента, у першую чаргу ў кантэксце пастаўленай Прэзідэнтам Беларусі задачы па дыверсіфікацыі адносін з краінамі замежжа. "Мы павінны ўдзяляць больш увагі нетрадыцыйным рынкам краін далёкай дугі. Афрыканскі кантынент уяўляе ў гэтым плане для нас вельмі вялікі інтарэс", - сказаў ён. Міністр канстатаваў, што тавараабарот Беларусі з афрыканскімі краінамі складае ўсяго паўтара-два працэнты ад агульнага аб'ёму гандлю з замежжам, што відавочна недастаткова. Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь імкнецца развіваць і аднаўляць адносіны з краінамі гэтага кантынента, многія з якіх бяруць свой пачатак яшчэ з часоў Савецкага Саюза. У тым ліку актыўна развіваюцца кантакты ў адукацыйнай сферы.
Міністр замежных спраў Беларусі таксама звярнуў увагу, што пераважная колькасць афрыканскіх краін з'яўляецца членамі Руху недалучэння, у які ўваходзіць і Беларусь. "Блізкасць і падабенства поглядаў ствараюць добрую аснову для развіцця нашага супрацоўніцтва з дзяржавамі Афрыканскага рэгіёна", - дадаў ён.