3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на падтрымку Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый пры рэалізацыі праектаў для паляпшэння транспартнай інфраструктуры і ў сферы аховы здароўя. Аб гэтым паведаміў сёння прэм'ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з прэзідэнтам АБІІ Цзінь Ліцунем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы разлічваем на падтрымку банка пры рэалізацыі ў першую чаргу інфраструктурных праектаў. Ведаю, што ў высокай ступені прапрацоўкі праект аўтадарогі Р46 Лепель - Полацк. У Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю транспартнай інфраструктуры. Нягледзячы на тое, што ў нас даволі нядрэнныя дарогі, краіна мае вельмі вялікі транзітны патэнцыял і з'яўляецца скрыжаваннем многіх вялікіх калідораў, і далейшае паляпшэнне дарожнай сеткі з'яўляецца прыярытэтам для ўрада", - адзначыў Сяргей Румас.
Ён таксама прапанаваў разгледзець магчымы ўдзел АБІІ ў праекце будаўніцтва чыгуначнага тэрмінала ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".
Кіраўнік урада звярнуў увагу, што Беларусь мае даволі вялікі вопыт структуравання аналагічных праектаў з многімі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і разлічвае на такое супрацоўніцтва з АБІІ. Тым больш што прапанаваныя ўмовы камфортны для беларускага боку, дадаў прэм'ер-міністр.
Вялікую цікавасць для Беларусі маюць праекты ў сферы аховы здароўя. "Мы гатовы сёння абмяркоўваць магчымасць прыцягнення сродкаў для цэнтра дзіцячай анкалогіі, стварэння цэнтра педыятрыі і дзіцячай хірургіі, будаўніцтва новага блока трансплантацыі касцявога мозгу і ствалавых клетак", - сказаў Сяргей Румас.
Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый яшчэ не мае вопыту фінансавання праектаў у сферы аховы здароўя, але, паводле слоў прэм'ер-міністра, Беларусь можа стаць першай краінай, дзе быў бы апрабаваны новы для банка інструмент.
Цяперашні прыезд - гэта першы візіт прэзідэнта АБІІ ў Беларусь. Сяргей Румас падкрэсліў, што прадстаўнічая дэлегацыя, якая прыбыла на перагаворы на чале з прэзідэнтам банка, мае вялікі вопыт работы ў міжнародных інстытутах развіцця, і гэта дае магчымасць на прафесійным узроўні структураваць здзелкі па складаных інфраструктурных праектах.
Цяпер Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з такімі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, як Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк. "Ва ўзаемаадносінах з усімі гэтымі партнёрамі мы маем бездакорную крэдытную гісторыю. Упэўнены, паміж Беларуссю і Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый ужо ў хуткім часе ўстановяцца такія ж даверныя адносіны, і наша супрацоўніцтва будзе доўгатэрміновым і ўзаемавыгадным", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.
Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый быў заснаваны ў кастрычніку 2014 года. Яго ключавая мэта - пераадоленне інфраструктурных абмежаванняў эканамічнага развіцця не толькі ў Азіі, але і за яе межамі. Статутны капітал складае $100 млрд. На бягучы момант банк налічвае амаль 70 паўнапраўных членаў. Беларусь стала членам банка 17 студзеня 2019 года.