11 сакавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае да 2020 года ўвайсці ў топ-30 рэйтынгу Doing Business, паведаміў сёння журналістам дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы запланавалі канкрэтны план з 40 мерапрыемстваў і індыкатараў, якія дадуць магчымасць Беларусі ўвайсці ў трыццатку рэйтынгу Doing Business, а можа, значна бліжэй да пачатку", - адзначыў Пётр Арушаньянц.
Ён канстатаваў, што калі б удалося ў адзін момант рэалізаваць усё запланаванае, то цяпер Беларусь займала б 7-е месца ў рэйтынгу. "Мы падлічылі мерапрыемствы на так званым калькулятары рэйтынгу, які прапануе Сусветны банк. Аказалася, краіна магла б апынуцца на 7-м месцы. Але мы разумеем, што ўсе гэтыя мерапрыемствы плануецца рэалізаваць да 2020 года. За гэты час іншыя краіны таксама пройдуць свой шлях развіцця", - растлумачыў Пётр Арушаньянц.
Паводле яго слоў, на працягу бліжэйшай пяцігодкі чакаецца рост долі малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП да 32 працэнтаў. Колькасць работнікаў суб'ектаў МСП, ІП і наёмных асоб будзе складаць 35 працэнтаў ад колькасці занятых у эканоміцы.
У бліжэйшым будучым плануецца карэкціроўка крытэрыяў аднясення суб'ектаў гаспадарання да МСП. "Плануем распрацаваць стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года і зацвердзіць яе да канца 2017-га", - расказаў Пётр Арушаньянц.
Ён падкрэсліў, што чакаецца сур'ёзная работа па ўдасканаленні адміністрацыйных працэдур. У прыватнасці, будзе створаны электронны рэестр адміністрацыйных працэдур для бізнесу, а таксама ўведзена працэдура ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння.