19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь разлічвае адправіць першую партыю мяса птушкі ў Кітай да сярэдзіны 2018 года, паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Для абмеркавання паставак мяса птушкі кітайская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра Галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення па кантролі якасці, інспекцыі і каранціне КНР наведвае Беларусь з 18 па 21 красавіка. Па выніках візіту Беларусь разлічвае атрымаць допуск для пачатку паставак мяса птушкі на кітайскі рынак.
"Да сярэдзіны года плануем паставіць першую партыю мяса птушкі", - паведаміў Аляксей Багданаў. Ужо вядуцца перагаворы па перадкантрактнай падрыхтоўцы з кітайскім бізнесам.
Плануецца, што пастаўкі пачнуць пяць птушкафабрык, у іх ліку "Дружба", агракамбінат "Дзяржынскі", "Сервалюкс", Віцебская бройлерная птушкафабрыка. У час цяперашняга візіту кітайская дэлегацыя наведае птушкафабрыку "Дружба" і агракамбінат "Дзяржынскі". Як чакаецца, па выніках гэтых інспекцый Беларусь афіцыйна атрымае допуск для паставак мяса птушкі на кітайскі рынак.
Беларусь штогод адпраўляе на экспарт каля 150 тыс. т мяса птушкі, але экспартны патэнцыял большы, лічаць у Мінсельгасхарчы. "Мы гатовы і 50 тыс. т, і 100 тыс. т адправіць на кітайскі рынак - як будзе запатрабавана. Але разам з тым хачу адзначыць, што Кітай сам вельмі шмат вырабляе мяса птушкі, таму размова ідзе аб некаторых сегментах - не цалкам тушка, а менавіта гатовая прадукцыя", - растлумачыў Аляксей Багданаў.
Па выніках 2017 года Беларусь паставіла сельгаспрадукцыі на $15 млн. На гэты год падпісаны кантракты на экспарт беларускай прадукцыі на $100 млн - гэта малочная прадукцыя, мяса, жэлацін.