1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прыме ўдзел у першай Кітайскай міжнароднай выстаўцы імпарту, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
"Намеснік міністра эканомікі Павел Уцюпін сустрэўся з дэлегацыяй Міністэрства камерцыі Кітая на чале з намеснікам дырэктара дэпартамента па справах Еўразіі Ван Кайсюанем, а таксама прыняў удзел у прэзентацыі першай Кітайскай міжнароднай выстаўкі імпарту, якая адбудзецца 5-10 лістапада 2018 года ў Шанхаі. У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі асноўныя пытанні падрыхтоўкі ўдзелу Беларусі ў выстаўцы і спадарожных мерапрыемствах", - растлумачылі ў прэс-службе.
Беларускі бок выказаў гатоўнасць унесці свой уклад у рэалізацыю планаў урада КНР па напаўненні рынку Кітая высакаякаснай прадукцыяй, чаму будзе садзейнічаць Кітайская міжнародная выстаўка імпарту.
На прэзентацыі кітайскі бок прадставіў вычарпальную інфармацыю аб умовах і льготным фармаце ўдзелу ў выстаўцы, азнаёміў беларускія прадпрыемствы з асноўнымі аспектамі і напрамкамі дэманстрацыі беларускіх тавараў і паслуг. Акрамя таго, арганізатарамі з беларускага і кітайскага бакоў падпісаны мемарандум, які замацоўвае асноўныя палажэнні ўдзелу беларускага боку ў выстаўцы.
Прадпрыемствы, зацікаўленыя прыняць удзел у ЭКСПА, могуць звяртацца за дадатковай інфармацыяй у РУП "Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн".
Асноўнымі арганізатарамі выстаўкі выступяць Міністэрства камерцыі КНР і народны ўрад Шанхая. ЭКСПА павінна адкрыць новыя магчымасці для краін з усяго свету па павелічэнні экспарту ў Кітай, стварыць платформу для развіцця міжнароднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Паводле інфармацыі кітайскага боку, правядзенне выстаўкі накіравана на павышэнне ўзроўню лібералізацыі гандлю і больш паглыбленае ўключэнне краін у рэалізацыю ініцыятывы "Аднаго пояса і аднаго шляху". Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на афіцыйным сайце выстаўкі: www.ciie.org.