24 лютага, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Беларусь прапануе Індыі распрацаваць дарожную карту двухбаковых адносін. Адпаведную прапанову індыйскаму боку агучыў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спікер адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і іншых відаў супрацоўніцтва з Індыяй і прапанаваў распрацаваць дарожную карту як доўгатэрміновы дакумент двухбаковых адносін. "Выкананне таго комплекснага плана, які быў прыняты раней, фактычна завяршаецца ў 2015 годзе, таму ўжо можна гаварыць аб сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
На думку старшыні верхняй палаты беларускага парламента, у дарожнай карце трэба адлюстраваць наступныя асноўныя пытанні: палітычныя кантакты, візіты, узаемная падтрымка на міжнародным узроўні, парламенцкія кантакты.
"Актуальнай з'яўляецца работа над дагаворам аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Індыяй. Год таму мною была ініцыіравана гэта работа з Еўразійскай эканамічнай камісіяй, я думаю, што ў бліжэйшы час адбудуцца адпаведныя сустрэчы, дзе будуць абмеркаваны неабходныя для гэтага падыходы, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Да таго ж нам трэба яшчэ раз правесці своеасаблівую рэвізію і паглядзець на вузкія месцы, якія перашкаджаюць развіццю двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва". Спікер лічыць, што традыцыйныя формы ўзаемадзеяння ў пэўнай ступені вычарпалі сябе, таму ён прапануе беларускаму і індыскаму бакам абмеркаваць пытанні ўзаемных прэферэнцый для актывізацыі гандлю.
Акрамя актуальнага стану беларуска-індыйскіх гандлёва-эканамічных адносін, удзельнікі перагавораў абмеркавалі пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва, інвестыцыйнай палітыкі. Бакі запланавалі разгледзець парадак дня маючага адбыцца пасяджэння беларуска-індыйскай міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры, правядзенне якога намечанана на 18-19 сакавіка бягучага года, а таксама абмеркавалі магчымы афіцыйны візіт Прэзідэнта Індыі ў Беларусь.