25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе Германіі рэалізацыю сумесных энергетычных праектаў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Аб гэтым паведаміў сёння намеснік дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў Руслан Есін у час Беларуска-германскага энергетычнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларускія вучоныя і эксперты могуць падзяліцца з нямецкімі калегамі сваімі дасягненнямі ў галіне бія-, гідра- і ветраэнергетыкі, сонечнай энергетыкі, укаранення цеплавых помпаў, а таксама прапанаваць праекты для сумеснай рэалізацыі, у тым ліку на пляцоўцы індустрыяльнага парка "Вялікі камень", - адзначыў Руслан Есін.
Паводле яго слоў, узаемадзеянне ў энергетычнай сферы - важны напрамак супрацоўніцтва Беларусі і Германіі. "Дзякуючы ініцыятыве і эфектыўнаму ўзаемадзеянню Міністэрства энергетыкі Беларусі з нямецкімі партнёрамі праграма сённяшняга форуму будзе садзейнічаць абмеркаванню актуальных пытанняў, у тым ліку прыцягненню інавацыйных еўрапейскіх тэхналогій і інвестыцый у энергетычны сектар Беларусі", - дадаў ён. У прыватнасці, Беларусь зацікаўлена ў даследаваннях і эксперыментальных распрацоўках у галіне зялёных тэхналогій, будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў.
Беларуска-германскі энергетычны форум сабраў сёння ў Мінску больш як 200 экспертаў галіны. У час мерапрыемства запланаваны дыскусіі па абмене вопытам у сферы энергетычных сістэм і аднаўляльных крыніц энергіі, а таксама энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў будынках. У другой палавіне дня ўдзельнікі мерапрыемства наведаюць аб'екты ў сферы энергаэфектыўнасці і аднаўляльных крыніц энергіі.
Беларуска-германскі энергетычны форум арганізаваны Прадстаўніцтвам нямецкай эканомікі ў Беларусі пры падтрымцы Нямецкага саюза прамыслова-гандлёвых палат і Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. Партнёрамі форуму выступаюць з беларускага боку Міністэрства энергетыкі і Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, з германскага - Нямецкае энергетычнае агенцтва.