30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапанавала Кітаю сумесныя праекты ў машынабудаванні, хіміі, фармацэўтыцы, электроніцы і сувязі, якія могуць быць рэалізаваны ў індустрыяльным парку "Вялікі камень", паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве эканомікі Беларусі па выніках круглага стала па пытаннях беларуска-кітайскага інвестыцыйнага супрацоўніцтва з удзелам афіцыйных асоб і дзелавых колаў дзвюх краін.
У час круглага стала адбылася прэзентацыя патэнцыялу індустрыяльнага парка "Вялікі камень", прадстаўлена інфармацыя аб ходзе яго рэалізацыі. Таксама кітайскаму боку былі прапанаваны магчымыя сумесныя праекты ў машынабудаванні, хіміі, фармацэўтыцы, электроніцы і сувязі. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў кітайскіх кампаній і органаў дзяржаўнага кіравання.
Таксама ў Міністэрстве эканомікі адзначылі, што сёння адбылася сустрэча міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Зіноўскага з дэлегацыяй з Кітайскай Народнай Рэспублікі, якую ўзначаліў памочнік міністра камерцыі (у рангу намесніка міністра) Чжан Сянчэнь. Абмяркоўваліся пытанні двухбаковага інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у прыватнасці перспектывы развіцця і пашырэння індустрыяльнага парка "Вялікі камень", прыцягнення ў яго нацыянальных і замежных інвестараў.
Бакі абмяняліся думкамі наконт ініцыятыў і праектаў, якія будуць прапрацоўвацца ў ходзе падрыхтоўкі да візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Мінск у маі 2015 года.
Таксама на сёння запланавана сустрэча намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалая Снапкова з памочнікам міністра камерцыі КНР Чжан Сянчэнем. І сёння ж пад іх старшынствам пройдзе трэцяе пасяджэнне рабочай групы па пытаннях індустрыяльнага парка "Вялікі камень".