3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бразільскім горадзе Рыбейран-Прэту адкрылася міжнародная сельскагаспадарчая выстаўка-кірмаш AgriShow. Беларусь прадставіла на ёй прадукцыю Мінскага трактарнага завода, паведамляе БЕЛТА.
Кірмаш AgriShow - самая маштабная падзея ў сферы сельскай гаспадаркі ў Паўднёвай Амерыцы, якую наведваюць усе без выключэння прадстаўнікі аграбізнесу краін кантынента. Па сваіх характарыстыках выстаўка больш нагадвае раённы або нават абласны цэнтр: колькасць удзельнікаў і наведвальнікаў перавышае 200 тыс. чалавек, а выставачныя плошчы і павільёны займаюць тэрыторыю 520 тыс. кв.м.
"У гэтым годзе зафіксавана рэкордная колькасць удзельнікаў выстаўкі з больш як 90 краін, але самае галоўнае - адбылася гістарычная падзея: беларускія трактары на гэтым аграсаміце ўпершыню прадстаўляюць нашу краіну. Без прыкрас скажу, што каля стэнда Мінскага трактарнага завода літаральна не праціснуцца: нашы трактары маюць прывабны дызайн, што, безумоўна, прыцягвае погляды мясцовых фермераў. Але калі яны, якія прывыклі да цаны $100 тыс. і вышэй за трактар амерыканскай або еўрапейскай вытворчасці, глядзяць на цану беларускага трактара, то літаральна пачынаюць адлічваць нулі лінеечкай", - расказаў БЕЛТА пасол Беларусі ў Бразіліі Сяргей Лукашэвіч.
На AgriShow прадстаўлены беларускія трактары фактычна на любы густ і памер бразільскага кашалька: невялікія, але манеўраныя мадэлі для індывідуальных фермераў і буйныя шматфункцыянальныя машыны для вялікіх гаспадарак. На выстаўцы працуюць спецыялісты МТЗ, Смаргонскага агрэгатнага завода, Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў, Барысаўскага завода "Металіст". Наведаюць кірмаш і прадстаўнікі "Гомсельмаша".
"Мы ўжо вядзём работу над наступным этапам - будаўніцтвам зборачных вытворчасцей па выпуску беларускіх трактароў у Бразіліі. Разлічваем, што стварэнне народнага трактара Бразіліі адбудзецца з нашым непасрэдным удзелам", - заявіў беларускі дыпламат.