16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў прадстаўлена на міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўцы ў сталіцы Азербайджана. Беларускі павільён у бягучым годзе стаў буйнейшай нацыянальнай экспазіцыяй на ключавой сельскагаспадарчай выстаўцы рэгіёна. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва УП "Белінтэрэкспа".
Удзельнікамі выстаўкі ў Баку сталі звыш 200 кампаній з 20 дзяржаў. Беларусь прадстаўляюць 25 арганізацый і прадпрыемстваў, якія дэманструюць прадукцыю сельскагаспадарчага машынабудавання, абсталяванне і тэхналогіі, прадукты харчавання, кандытарскія вырабы і напіткі. Дэлегацыя Беларусі ўключае больш за 50 прадстаўнікоў кіраўніцтва айчынных прадпрыемстваў.
У дзень адкрыцця выстаўкі беларускую экспазіцыю наведаў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка, старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела, пасол Беларусі ў Азербайджане Генадзь Ахрамовіч.
Беларуская экспазіцыя размешчана адразу ў двух павільёнах і займае больш за 200 кв. м. Стэнды аформлены ў стылістыцы дома з чырвонай цэглы з вітражнымі вокнамі, адкрытай верандай, камінам і дымаходам.
Арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзентуюць інавацыйнае абсталяванне для сельскай гаспадаркі. Гэта, у прыватнасці, энергаэфектыўны камбайн для ўборкі ягад, святлодыёдныя свяцільні і цяплічныя апрамяняльнікі для вырошчвання раслін у парніковых гаспадарках. Кампанія "Белагра Бел" дэманструе мультыбрэндавы партфель сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці і комплексныя рашэнні для апрацоўкі шырокага спектра сельскагаспадарчых культур.
У секцыі кандытарскіх вырабаў, напіткаў і бакалеі прадстаўлены вядучыя беларускія вытворцы. Бабруйскі "Чырвоны харчавік" прадстаўляе навінкі, распрацаваныя для выстаўкі: зефір у форме кветкі ружы, са смакам граната і дзюшэсу, мармелад у форме бутэлечак са смакам тэкілы, віна або каньяку. Гомельскі "Спартак" прэзентуе горкі і малочны шакалад, а таксама белы з міндалем і какосам, з фундуком і бісквітнымі шарыкамі, з фундуком і злакамі. Прадстаўлена прадукцыя Мінскага маргарынавага завода, буйнейшых беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі, вырабаў з мяса і мяса птушкі, прадуктаў дзіцячага харчавання.
На інфармацыйным стэндзе экспазіцыі, арганізаваным Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, дэманструецца эканамічны, турыстычны і культурны патэнцыял Беларусі, прэзентаваны даведачна-інфармацыйныя выданні аб экспартным і інвестыцыйным патэнцыяле краіны. На выстаўцы праходзяць B2B-сесіі беларускіх кампаній з азербайджанскімі дыстрыб'ютарамі і бізнесменамі.
Работа выстаўкі прадоўжыцца па 17 мая. Арганізатарамі беларускай экспазіцыі выступілі прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Азербайджане.