13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі на 26-й В'етнамскай міжнароднай гандлёвай выстаўцы "В'етнам Экспа - 2016", што праходзіць у Ханоі 13-16 красавіка, прысвоены ганаровы статус "Краіна-партнёр". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
У беларускай нацыянальнай экспазіцыі ў Ханоі прадстаўлены машынабудаванне, хімія і нафтахімія, фармакалогія і ахова здароўя, навука і адукацыя, харчовая прамысловасць, а таксама калійныя ўгнаенні. У выстаўцы прымаюць удзел больш за пяцьдзясят беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў. Агульная плошча экспазіцыі перавышае 500 кв.м.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі, першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця "В'етнам Экспа - 2016". На выстаўцы 13 красавіка былі прадстаўлены перспектывы дзелавога супрацоўніцтва з Беларуссю. У прэзентацыі прынялі ўдзел першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, пасол Беларусі ў В'етнаме Валерый Садоха, намеснік старшыні БелГПП Вячаслаў Брыль, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн, беларускіх прадпрыемстваў - удзельнікаў нацыянальнай экспазіцыі, а таксама в'етнамскія дзелавыя колы.
Сярод удзельнікаў нацыянальнай экспазіцыі - ААТ "Мінскі аўтамабільны завод", ААТ "Мінскі трактарны завод", ААТ "Белшына", прадпрыемствы канцэрна "Белдзяржхарчпрам". Яны пастаўляюць ужо сваю прадукцыю ў В'етнам, маюць гандлёвых прадстаўнікоў у гэтай краіне. Шэраг беларускіх кампаній - удзельніц экспазіцыі прапрацоўваюць магчымасць выхаду на рынак В'етнама са сваёй прадукцыяй з дапамогай дзелавых кантактаў, атрыманых у ходзе "В'етнам Экспа - 2016".
Арганізатарам нацыянальнай экспазіцыі Беларусі ў В'етнаме выступае БелГПП, суарганізатарамі - Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і іншыя.
У снежні 2015 года адбыўся візіт Прэзідэнта Беларусі ў В'етнам. Па выніках была падпісана сумесная праграма супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах на 2016-2018 гады. Асноўнымі пазіцыямі экспарту ў В'етнам з'яўляюцца калійныя ўгнаенні, машынакамплекты грузавой тэхнікі, кар'ерныя самазвалы, шыны, трактары, падшыпнікі, металапрадукцыя, прадукты харчавання. Пашыраецца вытворчая кааперацыя: уведзены ў эксплуатацыю першыя БелАЗы, выпушчаныя ў В'етнаме, плануецца выпуск беларускіх аўтобусаў і самазвалаў. У Беларусь з В'етнама імпартуюцца сродкі сувязі, офіснае абсталяванне, морапрадукты, рыс, арэхі, абутак, адзенне, натуральны каўчук, перапрацаваныя трапічныя фрукты, чай, спецыі, кава і многае іншае. Вядуцца перагаворы па стварэнні ў Беларусі сумеснага прадпрыемства па перапрацоўцы і ўпакоўцы в'етнамскай кавы. Актыўна развіваюцца і турыстычныя напрамкі супрацоўніцтва.