29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа прыняць удзел у рэалізацыі Нацыянальнай праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі Эквадора. Аб гэтым ішла размова 28 сакавіка на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Эквадоры Ігара Палуяна з міністрам сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, аквакультуры і рыбалоўства Эквадора Хаўерам Понсэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС.
Бакі абмеркавалі магчымасць прыцягнення беларускіх спецыялістаў і вытворцаў сельгастэхнікі да рэалізацыі Нацыянальнай праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі Эквадора.
Акрамя таго, на сустрэчы разглядаўся ход рэалізацыі мемарандума аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі дзвюх краін, падпісанага ў горадзе Кіта ў 2014 годзе, перспектывы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Эквадора ў сферах бульбаводства і агародніцтва, а таксама магчымасць навучання эквадорскіх студэнтаў у беларускіх аграрных ВНУ.
Кіраўнік беларускай дыпмісіі праінфармаваў эквадорскага міністра аб высокім узроўні развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі Беларусі, а таксама аб экспартным патэнцыяле краіны. Ігар Палуян згадаў таксама маючую адбыцца 7-11 чэрвеня ў Мінску XXVI Міжнародную выстаўку "Белагра-2016" і запрасіў эквадорскі бок прыняць у ёй актыўны ўдзел.